Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Кардынал Гуджэроці падчас Імшы ў пінскай катэдральнай базыліцы: «Нас цікавіць вечнасць»

25 кастрычніка падчас святкавання галоўных урачыстасцей 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якія праходзілі ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і будынку былой семінарыі, святую Імшу ўзначаліў і гамілію прамовіў спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.
«Найдаражэйшыя, супакой няхай будзе з вамі!»
Сваю гамілію высокапастаўлены іерарх распачаў першымі словамі Папы Льва XIV, якія Пантыфік прамовіў да сабраных на Плошчы Святога Пятра ў дзень абрання Папам: «Найдаражэйшыя, супакой няхай будзе з вамі!»
Напачатку кардынал прывітаў Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, таксама, як і ён, прадстаўніка Святога Айца, Мітрапаліта Юзафа Станеўскага, біскупа Антонія Дзям'янку і ўсіх прысутных біскупаў, а таксама Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека. Ён нагадаў дату 3 мая 2012 года, калі, будучы апостальскім нунцыем у Беларусі, абвясціў Антонія Дзям'янку біскупам Пінскім. «Ужо столькі часу прайшло, а Вы ўсё яшчэ тут, — пажартаваў прадстаўнік Папы, — і гэта добрая нагода для таго, каб падзякаваць Божаму Провіду». Ён прыгадаў узрушанасць гэтай навіной арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, тагачаснага Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі ad nutum Sanctae Sedis, якога змяніў на пінскай катэдры біскуп Дзям’янка. Кардынал прызнаўся, што адчувае сябе добра ў Беларусі.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, прысутных на ўрачыстасці, кардынал, пералічваючы найлепшыя якасці беларускага народа, заклікаў іх: «Шукайце любові, шукайце дабра ў гэтым свеце, шукайце еднасці і любові ў гэтым народзе.
Вы народ ціхі, спакойны, і ў гэтым вашая сіла. Вы пакорныя, сціплыя, працавітыя, і людзі паза Беларуссю любяць вас такімі, якімі вы ёсць. Вы шчырыя, праўдзівыя і адкрытыя».
«Дапамагайце гэтаму народу развіваць гэтыя ягоныя найлепшыя якасці», — папрасіў іерарх.
Заглядваючы ўглыб гісторыі мясцовага Касцёла, ён са смуткам адзначыў, што на гэтай зямлі мелі месца факты гвалтоўнага насаджэння іншай рэлігіі ці атэізму. У якасці прыкладу прамоўца прывёў святога Андрэя Баболю, заступніка Пінскай дыяцэзіі, які аддаў жыццё, забіты казакамі. Наступны факт, прыведзены кардыналам Гуджэроці, — падчас Другой сусветнай вайны быў забіты кожны чацвёрты святар Пінскай дыяцэзіі. Пасля гэтага дыяцэзія была падзелена дзяржаўнымі межамі, і святар — ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі — кіраваў часткай дыяцэзіі, якая засталася ў СССР, і нават стварыў падпольную семінарыю.

Пасля ўспаміну аб руплівым святары, які служыў у нялёгкія для каталіцкай веры часы, наступны зварот прадстаўніка Святога Айца быў да святароў: «Вы павінны ганарыцца вашай тоеснасцю, асаблівасцю, але таксама быць вернымі пакліканню». Пра гэта казаў Папа Леў XIV, звяртаючыся да святароў.
«Ваш народ мае патрэбу ў вашым чыстым, айцоўскім, бескарыслівым сэрцы, якое любіць Бога і якое любіць Бог»,
— гэтыя словы кардынала прагучалі як духоўны запавет у адрас духоўных асоб.
Спецпасланнік Льва XIV выказаў радасць, што дыяцэзія мае 3-х семінарыстаў. Ён заахвоціў святароў даць ім добры прыклад, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі і самотнымі, а біскупаў — аказаць ім бацькоўскае, любячае сэрца. «Калі мы не будзем так рабіць, мы будзем падобныя да Юды Іскарыёта», — папярэдзіў іерарх.

Трэці свой заклік кардынал Клаўдыё Гуджэроці скіраваў да ўсіх беларусаў: «Будзьма разам усе мы, якія з’яўляемся паслядоўнікамі і вучнямі Хрыста. Будзем жа працаваць разам, каб Касцёлы і Цэрквы, аб’яднаныя, разам стваралі лепшую будучыню».

Абапіраючы далейшае разважанне на словах з Паслання да Рымлянаў, дзе апостал Павел кажа, што мы сталіся Божымі дзецьмі, прамоўца растлумачыў, што апостал так казаў, таму што большасць з тых, хто слухаў Паўла, была не дзецьмі, але нявольнікамі. Дастойны госць звярнуў увагу, што існуе розніца паміж дзіцем і нявольнікам. Для веруючых яна праяўляецца ў тым, што Езус, калі прыйшоў на зямлю, вырваў іх з няволі граху, дзякуючы чаму яны сталіся спадкаемцамі вечнага жыцця.

«Нас цікавіць вечнасць, бо ў моманце смерці праяўляецца розніца паміж веруючым і няверуючым: “або чарвякі ў зямлі, або будучыня”», — сцвердзіў іерарх, прывёўшы слухачам італьянскую прымаўку, і нагадаў, што «мы атрымалі дар веры ў жыццё вечнае».
«Ачысцімся ж, станьма чыстымі, каб быць моцнымі пілігрымамі, якія здолеюць пераадолець усе цяжкасці дарогі»,
— гэта быў чарговы заклік кардынала, цяпер ужо да ўсіх веруючых.
Павел кажа Эфесцам, што яны пабудаваныя на Хрысце, вуглавым камені (пар. Эф 2, 20). Прамоўца падкрэсліў, што размова ідзе не пра будоўлю з цэглы, але «пра Касцёл, які ствараецца з кожнага з нас». «Таму тут, у Беларусі, у вашай краіне, будзем жа глядзець на веру, каб адкрыць сэнс надзеі, (...) каб у ёй працягваць любіць вашу зямлю, такую прыгожую», — заклікаў ён удзельнікаў урачыстасцяў.

Напрыканцы гаміліі кардынал Гуджэроці запэўніў прысутных: «Папа благаслаўляе вас усіх, мае дарагія, кожнага з вас»: сем'і, дзяцей, асабліва моладзь, з якой Святы Айцец звязвае асаблівую надзею. «Вельмі няпроста быць Папам з Амерыкі», — прызнаўся іерарх і папрасіў падтрымаць Пантыфіка малітвай.

Прадстаўнік Папы Льва XIV завяршыў сваю гамілію словамі:
«Абдымаю вас усіх і кожнага паасобку, (…) каб праз гэтыя абдымкі вы адчулі цеплыню і блізкасць Святога Айца і дасягнулі Нябеснага Валадарства».