Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Арцыбіскуп Станеўскі ад імя ККББ віншуе пастыра і вернікаў
Пінскай дыяцэзіі са 100-годдзем
з часу яе заснавання

28 кастрычніка, у свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, скіраваў віншаванне з нагоды 100-годдзя з часу заснавання Пінскай дыяцэзіі.
Ваша Эксцэленцыя біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка,
Ваша Эксцэленцыя Андрэй Зноска, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі,
Ваша Эксцэленцыя біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец,
паважаныя святары, шаноўныя кансэкраваныя асобы, умілаваныя вернікі Пінскай дыяцэзіі!

У гэты дзень, калі паўсюдны Касцёл адзначае свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, роўна сто гадоў таму быў заснаваны партыкулярны Касцёл з біскупскай сталіцай у Пінску, першым пастырам якога стаў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі.
У тагачасных гістарычных рэаліях заснаванне Пінскай дыяцэзіі і біскупскай катэдры ў горадзе, які лічыцца своеасаблівай «сталіцай» Беларускага Палесся, стала знакам Божага Провіду і выразнаю праяваю клопату Апостальскай Сталіцы пра верны народ на гэтых шырокіх абшарах, сярод непраходных балотаў і неабсяжных лясоў Белавежы.
Тут, на гэтай зямлі, стагоддзі таму сустрэліся дзве вялікія хрысціянскія традыцыі — Усходу і Захаду, — што стала вялікім і ўнікальным духоўным багаццем для мясцовых жыхароў. Хоць у гісторыі часам здаралася, што гэта выклікала пэўныя непаразуменні і напружанасць, аднак сёння 100-гадовы юбілей Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі ў юбілейным годзе хрысціянства нішто не азмрочвае, і святкаванне праходзіць у атмасферы сапраўднай згоды і братняй любові ў агульным імкненні да міру, стварэння і добраўпарадкавання нашай агульнай Радзімы, дзе ў духу ўзаемнай павагі жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў.

Умілаваныя пастыры, духавенства, кансэкраваныя асобы і ўсе вернікі Пінскай дыяцэзіі, «умацаваныя на падмурку апосталаў», памятайце, што вы — «суграмадзяне святых і дамачадцы Бога», як чуем мы сёння з вуснаў святога апостала Паўла (пар. Эф 2, 19). Стогадоваму юбілею вашай дыяцэзіі радуецца сёння ўвесь паўсюдны Касцёл, і знакам гэтага адзінства сэрцаў стаў удзел у юбілейных урачыстасцях у Пінску і Брэсце спецыяльнага прадстаўніка Папы Льва XIV кардынала Клаўдыё Гуджэроцці, Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў — вялікага, надзейнага і вернага сябра беларускага народа, на што ўчора звярнуў увагу таксама кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
З нагоды 100-гадовага юбілею ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі я шчыра вас віншую і жадаю надалей узрастаць у Езусе Хрысце — жывым вуглавым камені — «як святая ў Пану святыня» Касцёла, у якой «і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога» (пар. Эф 2, 21–22).
Сёння хочацца падзякаваць Богу за Яго цудоўны дар Пінскай дыяцэзіі — тэрытарыяльна самай вялікай каталіцкай дыяцэзіі ў Беларусі, — а таксама ўсім і кожнаму паасобку, хто на працягу гэтых ста гадоў прычыніўся да будавання нерукатворнай святыні мясцовага Касцёла. Перадусім варта ўзгадаць і першага Пінскага біскупа, Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага, і вялікага пастыра нашай зямлі, Сведку веры кардынала Казіміра Свёнтка, пры якім дыяцэзія была адноўлена ў яе цяперашнім выглядзе, і яго наступніка арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча. Дзякуй вялікі Вам, Ваша Эксцэленцыя, шаноўны біскуп Антоні Дзям’янка, за тое, што годна працягваеце гэтую Божую справу пастырскага кіраўніцтва верным народам Пінскай дыяцэзіі, а таксама вашым верным і надзейным паплечнікам: Яго Эксцэленцыі біскупу Казіміру Велікасельцу і Яго Эксцэленцыі біскупу Андрэю Зноску — адпаведна самаму старэйшаму і самаму маладому па ўзросце іерархам нашай біскупскай Канфэрэнцыі.

Няхай Бог шчодра вас усіх благаславіць і вядзе ў новае стагоддзе пад чулым мацярынскім заступніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.
З павагай і малітвай,

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі


Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі


Мінск, 28 кастрычніка 2025 г.