Пасвечаны алтар быў накрыты абрусам, і пробашч запаліў на ім свечкі. Пасля гэтага распачалася Эўхарыстычная літургія.
Пасля пастырскага благаслаўлення, якое ўдзялілі прысутным іерархі, ксёндз пробашч Чэслаў Ладыка падзякаваў пастыру Пінскай дыяцэзіі за здзейсненае пасвячэнне святыні, іерархам і ўсім удзельнікам за прысутнасць. Святар нагадаў, што касцёл названы ў гонар святога Бэнэдыкта, таму што «касцёл стаў працягам спадчыны і традыцыі, якую пакінулі айцы бэнэдыктыны, духоўныя сыны святога Бэнэдыкта, што служылі Божаму народу і велічным кляштары на ўскрайку Пінска ў мястэчку Гарадзішча». Было падкрэслена, што Божы Провід, адвага біскупа Дзям’янкі і прыхільнасць мясцовых уладаў дазволілі паўстаць гэтай прыгожай святыні. Падзяку выразілі таксама наймалодшыя парафіяне.
Біскуп Антоній Дзям’янка ў сваю чаргу скіраваў словы ўдзячнасці прысутнаму на Імшы арцыбіскупу эмэрыту Тадэвушу Кандрусевічу, які перад ім, будучы Апостальскім адміністратарам, узначальваў Пінскую дыяцэзію, а 27 кастрычніка 2015 года ўзначаліў урачыстую святую Імшу і благаславіў касцёл святога Бэнэдыкта для таго, каб у ім адбываліся набажэнствы. Дастойны іерарх, віншуючы прысутных са святам, параўнаў новапасвечаную святыню з хмарачосамі, кажучы, што, хоць касцёл па сваёй вышыні меншы, чым яны, аднак «хмарачосы вядуць нас да хмараў, а касцёл — да неба, да Божага Валадарства».