Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска чарговы раз наведаў Духоўную семінарыю ў Гродне. У гэтай навучальнай установе рыхтуюцца да святарства студэнты з усёй Беларусі, сярод іх адзін - з Пінскай дыяцэзіі. Менавіта ў Гродне вучыліся і біскуп Андрэй, і канцлер Пінскай Курыі - кс. Андрэй Рылка, і кусташ Санктуарыя ў Лагішыне - кс. Андрэй Шут. Іерарх з горада над Пінай ездіць ў горад над Нёманам, бо з’яўляецца выкладчыкам кананічнага права і чытае лекцыі на 5 курсе, на якім вучацца пяць хлопцаў з розных куткоў нашай краіны. Раніцай 11 сакавіка семінарыйная супольнасць сабралася на Эўхарыстыю разам з Мітрапалітам, арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, які таксама выкладае права, і біскупам Андрэем. Так пачынаюць кожны свой дзень будучыя працоўнікі Божай нівы.