13 чэрвеня, калі Касцёл узгадвае ў літургіі святога Антонія Падуанскага, у парафіяльным касцёле ў вёсцы Новая Мыш каля Баранавічаў адбыўся традыцыйны адпустовы фэст, прысвечаны гэтаму знакамітаму святому.
Старадаўні касцёл Перамянення Пана ў Новай Мышы знакаміты не толькі залатымі барочнымі алтарамі, звязанымі са слаўнай гісторыяй нясвіжскага кляштара сясцёр бэнэдыктынак, а таксама цудоўным абразом Маці Божай Бялыніцкай. На працягу шматлікіх стагоддзяў 13 чэрвеня тут адбываецца фэст прысвечаны нябеснай апецы святога Антонія Падуанскага.
Сёлетняе свята ў Новай Мышы ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім Найсвяцейшую Эўхарыстыю цэлебраваў Дапаможны Біскуп Андрэй Зноска, святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі. Гамілію да сабраных вернікаў прамовіў былы шматгадовы пробашч мясцовай парафіі ксёндз Валянцін Новак, які цяпер служыць у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах. Падчас гаміліі святар узгадаў руплівых мясцовых вернікаў мінулага, якія захавалі і перадалі цяперашняму пакаленню духоўную і сакральную спадчыну Касцёла.
На заканчэнне святой Імшы прадстаўнікі парафіі павіншавалі Біскупа Пінскага з імянінамі, жадаючы яму няспыннай апекі святога Антонія ў далейшым пастырскім служэнні.
Асаблівым момантам урачыстасці сталі віншаванні шматлікіх вернікаў, скіраваныя да пробашча парафіі ксяндза Алега Сількевіча, а таксама да трох святароў – выхадцаў з Новай Мышы, якія роўна 20 год таму атрымалі святарскія пасвячэнні ў Пінскім катэдральным касцёле з рук Яго Эмінэнцыі Кардынала Казіміра Свёнтка. Гэта ксёндз Віталій Міснікевіч, пробашч парафіі Святога Яна Паўла ІІ ў Баранавічах, ксёндз Вінцэнт Сяўрук, дэкан Навамышскі, пробашч парафій у Ішкалдзі і Паланечцы, ксёндз Дзмітрый Кернога, пробашч парафій у Лунінцы, Мікашэвічах, Жыткавічах, Століне і Асавой.
Пасля святой Імшы Біскуп Пінскі паблагаславіў традыцыйны “хлеб святога Антонія”, якім частуюцца парафіяне, а таксама запрасіў усіх вернікаў да руплівай малітвы аб дары новых пакліканняў да святарскага служэння з нашых парафій.