Увечары 21 кастрычніка, у дзень нараджэння кардынала Казіміра Свёнтэка, біскуп Андрэй Зноска цэлебраваў Святую Імшу ў Катэдральнай Базіліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. Эўхарыстыя была ахвяравана за супакой душы спачылага кардынала і як падзяка Богу за яго жыццё і сведчанне веры.
У гаміліі іерарх падкрэсліў значэнне асобнага чалавека ў пераломныя моманты гісторыі. Біскуп Андрэй нагадаў прысутным пра тэорыю «пасіянарнасці», распрацаваную філосафам Львом Гумілёвым, бацька якога, Мікалай Гумілёў, ваяваў у лясах паміж Пінскам і Лагішынам падчас Першай сусветнай вайны.
«Бывае так, што народы, супольнасці ці нават асобныя людзі маюць у сабе сілу, якую немагчыма растлумачыць ці раскласці на элементы. Але яна адгукаецца ў іншых і кліча ісці ўслед, пераадольваць цяжкасці, заглядваць за далягляд, — адзначыў біскуп. — Без сумневу, такая пасіянарнасць была ў нашым кардынале. І ў савецкай турме ў Брэсцкай крэпасці, і ў сталінскіх лагерах Варкуты, і ў адзінокім служэнні ў Пінску, калі побач не было ні біскупаў, ні святароў, яго не пакідала перакананне, што Бог ёсць на свеце. І людзі хацелі ісці за ім, верыць, як ён, вучыцца ад яго».
Пасля Імшы біскуп Андрэй разам з жанчынамі з супольнасці «Маці ў малітве» наведалі крыпту ў падзямеллі катэдры, дзе памаліліся каля месца пахавання кардынала Казіміра Свёнтэка — першага і пакуль адзінага кардынала Беларусі.