НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Пінская дыяцэзія адзначае 35-годдзе адраджэння структур Касцёла ў Беларусі

Падзеі ў Дыяцэзіі Дапаможны Біскуп
13 красавіка спаўняецца 35 гадоў з даты адраджэння структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі. У сувязі з рэструктурызацыяй, у 1991 г. да Пінскай дыяцэзіі былі далучаныя парафіі на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці.

З гэтай нагоды Біскуп Антоні Дзям’янка 13-14 красавіка наведвае з адмысловым візітам вернікаў Гомельшчыны. Пастыр дыяцэзіі ў гэтыя дні ў святынях горада Гомеля ўзносіць да Бога малітву падзякі за адраджэнне Касцёла, сустракаецца з душпастырамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі рэгіёна. Таксама запланаванае спатканне з кіраўніцтвам вобласці.

У Пінскім катэдральным касцёле 13 красавіка святую Імшу падзякі цэлебраваў Дапаможны Біскуп Андрэй Зноска. У часе літургіі іерарх асабліва ўзгадаў і памаліўся разам з вернікамі за кардынала Казіміра Свёнтка, які стаў сімвалам і пастырам адраджэння Касцёла ў Беларусі. Пасля амаль 40-гадовага служэння пробашчам Пінскай катэдральнай парафіі ў гэты дзень у 1991 г. ён быў прызначаны Папам Янам Паўлам ІІ на пасаду Арцыбіскупа Мітрапаліта новаўтворанай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і пасаду Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі. Нягледзячы на пачэсны тытул і служэнне як Мітрапаліта ў Мінску, кардынал Казімір да канца свайго жыцця працягваў жыць і служыць таксама ў Пінску, дзе ў 2011 годзе завяршыў свой зямны шлях і быў пахаваны ў крыпце катэдральнага касцёла.

У дзень 35-годдзя адраджэння структур Касцёла ў Беларусі ў Пінскай катэдральнай базыліцы пры грабніцы кардынала Казіміра Свёнтка – нястомнага пастыра адраджэння - былі запаленыя сімвалічныя знічы памяці, малітвы і падзякі.