Згодна са сваім планам знаёмства з супольнасцямі вернікаў Пінскай дыяцэзіі, біскуп Андрэй Зноска наведаў у нядзелю 9 сакавіка вернікаў вёскі Лотвічы і парафію Божай Міласэрнасці ў Баранавічах. Гэтыя парафіі аб’ядноўвае асоба душпастыра – ксяндза Паўла Рудзьмана, які вядзе будову баранавіцкага касцёла і даязджае ў капліцу ў Лотвічах. Наведваючы чарговыя парафіі, біскуп Андрэй стараецца быць разам з мясцовым святаром ва ўсіх яго пастырскіх справах: ехаць у аддаленыя населеныя пункты, дзе людзі чакаюць святара, служыць усе Святыя Імшы і асабіста прамаўляць казанні. Як сказаў у Баранавічах ксёндз Павел Рудзьман: “Гэта найлепшы спосаб пазнаёміцца з парафіяй – паглядзець на яе вачамі мясцовага пробашча”. У прамоўленых казаннях іерарх засяродзіўся на духоўных пошуках, якімі павінны быць напоўнены дні Вялікага посту: якое маё месца ў Касцёле? Што я маю рабіць, каб будаваць Валадарства Божае на зямлі? На што я гатовы дзеля таго, каб ратаваць сваю душу? Парафія Божай Міласэрнасці стала завяршальнай у шэрагу каталіцкіх супольнасцяў Баранавічаў, якія ўжо наведаў біскуп Андрэй пасля свайго прыезду ў Пінскую дыяцэзію.