Ва ўрачыстасць Абранніка Панны Марыі і Апякуна Сына Божага дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска наведаў парафію св. Юзафа ў Брэсце.
Вячэрняй парой шматлікія вернікі сабраліся, каб падчас Эўхарыстыі дзякаваць Богу за свой касцёл у свята яго тытула і за сваіх душпастыраў - ксяндза прэлата Антонія Гэя і ксяндза Юрыя Медушэўскага, які дакладна ў гэты дзень 14 год таму атрымаў святарскія пасвячэнні. Разам з іерархам з Пінска Святую Імшу саслужыў архімандрыт Сяргей Гаек MIC, Апостальскі Адміністратар католікаў візантыйскага абрада ў Беларусі, а таксама святары Брэсцкага дэканата на чале з дэканам, кс. Паўлам Халяўкіным з Чарнаўчыцаў. Разам з парафіянамі маліліся манаскія асобы - Сёстры Шарыткі і Кармэлітанкі, якія ажыццяўляюць служэнне ў Брэсце. У прамоўленым казанні біскуп Андрэй прадставіў касцёльнае навучанне адносна ўшанавання святых і засяродзіўся на істотным значэнні, якое людзі працы маюць для грамадства і Касцёла.