Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў РБ
Пінская дыяцэзія
Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

ЗВЕСТКІ АБ ДЫЯЦЭЗІІ

ЗВЕСТКІ АБ ДЫЯЦЭЗІІ

Каталіцкі Касцёл на тэрыторыі сучаснай Пінскай дыяцэзіі прысутнічае ўжо больш за тысячу гадоў. Асобная дыяцэзія з цэнтрам у Пінску была ўтвораная пасля Першай сусветнай вайны. Папа Пій ХІ булай “Vixdum Poloniae unitas” ад 28 кастрычніка 1925 г. стварыў для рыма-католікаў дыяцэзію, вылучыўшы яе з тэрыторый, якія раней прыналежалі да Магілёўскай мітраполіі: Мінскай, Віленскай, Луцкай дыяцэзій.

Дата: не пазней 1939 г.,

з крыніцы be-tarask.wikipedia.org, Kazimier Lachnovič

Новая дыяцэзія з цэнтрам у Пінску ўваходзіла ў той час у склад Віленскай мітраполіі. Яе тэрыторыя складала 50 424 кв. км. На момант узнікнення Пінская дыяцэзія складалася з 15 дэканатаў: Пінскага, Баранавіцкага, Бельскага, Браньскага, Брэсцкага, Драгічынскага, Івянецкага, Кобрынскага, Ляхавіцкага, Лунінецкага, Нясвіжскага, Навагрудскага, Пружанскага, Сталовіцкага і Стаўбцоўскага. Крыху пазней з’явіліся Цеханавецкі і Косаўскі дэканаты, а ў 1935 і 1938 гг. – яшчэ два: у Янаве Палескім і Століне.

Біскуп Зыгмунт Лазінскі




Першым ардынарыем Пінскай дыяцэзіі быў прызначаны біскуп Зыгмунт Лазінскі (†1932 г.). Ён адыграў ключавую ролю ў стварэнні базавых умоў, неабходных для дынамічнага развіцця дыяцэзіі.

З адраджэннем рэлігійнага жыцця ў Беларусі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. пачаўся новы этап у гісторыі мясцовага Касцёла. Была здзейснена рэарганізацыя Пінскай дыяцэзіі. Сучасная Пінская дыяцэзія ляжыць у межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Яе актуальная плошча складае 72 700 кв. км.
У склад дыяцэзіі цяпер уваходзяць дзевяць дэканатаў:
Брэсцкі, Кобрынскі, Пружанскі, Навамышскі, Баранавіцкі, Ляхавіцкі, Пінскі, Мазырскі і Гомельскі.

Кардынал Казімір Свёнтэк

З 1991 па 2011 г. Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі быў Кардынал Казімір Свёнтэк. Ён аднавіў і пабудаваў у дыяцэзіі многія касцёлы і капліцы. Пры ім былі ўзноўленыя старыя і паўсталі новыя парафіі.

У 2011–2012 гг. Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі з’яўляўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

3 мая 2012 г. Папа Бэнэдыкт ХVI прызначыў дыяцэзіяльным Біскупам Пінскім Яго Эксцэленцыю біскупа Антонія Дзям’янку, які служыць у дыяцэзіі па сённяшні дзень. З 1999 г. па 2024 г. Дапаможным Біскупам Пінскай дыяцэзіі быў Яго Эксцэленцыя біскуп Казімір Велікаселец OP.

19 ліпеня 2024 г. Папа Францішак прызначыў новага Дапаможнага Біскупа Пінскай дыяцэзіі, якім стаў Яго Эксцэленцыя біскуп Андрэй Зноска. Біскуп Андрэй з’яўляецца таксама Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі.
10 кастрычніка 2024 г. Папа Францішак прыняў адстаўку біскупа Казіміра Велікасельца ОР як дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі. Адгэтуль біскуп Казімір з’яўляецца біскупам-эмерытам (біскупам на пенсіі).

Апошні раз абноўлена: 22.03.2025

Біскуп Зыгмунт Лазінскі
З 1925 па 1932 г. Першы Ардынарый Пінскай дыяцэзіі
Біскуп Казімір Букраба
З 1932 па 1946 год Ардынарый Пінскай дыяцэзіі
Ксяндз-інфулат Вацлаў Пянткоўскі
З 1946 да 1989 г.выконваў функцыю генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі
Кардынал Казімір Свёнтэк
З 1991 па 2011 г. Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
У 2011–2012 гг. Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
Біскуп Пінскі Антонi Дзям’янка
3 мая 2012 г. па сённяшні дзень дыяцэзіяльны Біскуп Пінскі