Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Сёлета 29 верасня спаўняецца 30 гадоў з даты рэкансэкрацыі адроджанага касцёла Святога Міхала Арханёла ў Мазыры.
Летапісная гісторыя каталіцкай парафіі вядомая тут з XVI ст. Гістарычныя крыніцы падаюць, што ў 1616 г. ў Мазыры быў узведзены драўляны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які да нашых дзён не захаваўся, але памяць пра яго засталася ў назве парафіі. У 1645 г. у гэтым горадзе былі заснаваныя касцёл і кляштар бэрнардынаў, якія на працягу некалькіх стагоддзяў тут маліліся, давалі прыклад веры і падтрымлівалі нашых продкаў на шляху збаўлення. У 1647 г. ў Мазыры быў заснаваны мужчынскі цыстэрцыянскі касцёл і кляштар, а ў 1744 г. - жаночы кляштар цыстэрцыянак. Пры ім быў пабудаваны захаваны да нашых дзён касцёл Святога Мiхала Арханёла. Асаблівасцю служэння братоў і сясцёр гэтага манаскага ордэна было не толькі іх духоўная і малітоўная паслуга, а таксама прыклад працы па асваенню забалочаных земляў Усходняга Палесся і іх плённага выкарыстання на карысць мясцовых жыхароў.
Гісторыя касцёла Святога Мiхала Арханёла ў Мазыры у многім адлюстроўвае вялікі, слаўны і драматычны шлях, які перажываў горад і яго каталіцкая супольнасць на працягу стагоддзяў. Велічны барочны храм перажыў час заняпаду, калі пасля закрыцця кляштара быў зачынены ў 1886 г. Пазней будынак святыні выкарыстоўваўся як казарма, дзіцячы дом, музычнае вучылішча. Аднак у 1990 г., разам з адраджэннем рэлігійнага жыцця, старадаўні мазырскі касцёл Святога Міхала Арханёла быў вернуты парафіі і распачаўся працэс яго аднаўлення. 29 верасня 1995 г. адбылася рэкансэкрацыя святыні.
Працы па аднаўленні касцёла і былога кляштара не спыняліся. Пры галоўным алтары адроджанай святыні знайшла пачэснае месца выява найбольш шанаванага на Мазыршчыне цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай, якім ужо многія стагоддзі апякуюцца айцы езуіты. Перад гэтай выявай Найсвяцейшай Панны і сёння, як у мінулыя стагоддзі, не спыняюцца малітвы просьбаў і падзякі Міласэрнаму Богу за Яго благаслаўленні, а Багародзіцы – за Яе матчыну апеку.
Сёлета, у Юбілейны год, які адзначае Паўсюдны Касцёл, у сотую гадавіну нашай Пінскай дыяцэзіі, у свята Святога Арханёла Міхала спаўняецца 30 гадоў з той памятнай даты, калі кардынал Казімір Свёнтэк нанова асвяціў адроджаную святыню. Запрашаю вас, дарагія браты ў сёстры ў Езусе Хрысце, на святую Імшу падзякі Пану Богу за дар адраджэння Касцёла, якая адбудзецца ў нядзелю 28 верасня а 12.00 ў Мазыры. Асабліва запрашаю вернікаў з усіх парафій Мазырскага дэканату – з Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Нараўлянскага, Петрыкаўскага рэгіёнаў.
Няхай нашая супольная малітва ў мазырскім касцёле Святога Міхала Арханёла стане выразам глыбокай удзячнасці і праслаўлення Бога за Яго незлічоныя ласкі, якія Ён не перастае ўдзяляць у гэтай святыні, якая ў бягучым 2025-м Юбілейным годзе з’яўляецца адпустовым юбілейным касцёлам. Жадаем таксама падчас гэтага свята з усёй супольнасцю вернікаў Мазырскага дэканату дзякаваць Міласэрнаму Богу за сто гадоў плённага існавання Пінскай дыяцэзіі.
Няхай Маці Божая Юравіцкая і Святы Арханёл Міхал далей апякуюцца і выпрошваюць шчодрае Божае благаслаўленне і спрыяюць духоўнаму ўзрастанню наступных пакаленняў вернікаў.
З пастырскім благаслаўленнем,
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 12 верасня 2025 г.