НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Новы святар палатын з Пінскай дыяцэзіі

10 мая ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Апосталаў у польскім горадзе Алтажэў беларускі дыякан з Таварыства каталіцкага апостальства (палатын) прыняў святарскія пасвячэнні.

Новапасвячаны прэзбітэр – ксёндз Віталій Міцкевіч SAC - паходзіць з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў в. Пелішча (Кобрынскі дэканат). Шлях да святарства ксёндз Віталій распачынаў у Пінскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Працягваў навучанне ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў г. Алтажэў, дзе праходзіць фармацыйны працэс братоў з супольнасці палатынаў.

Арцыбіскуп Мітрапаліт Варшаўскі Адрыян Гальбас SAC, які сам належыць да сям’і братоў-палатынаў, узначаліў літургію і ўдзяліў сакрамэнт пасвячэнняў Віталію Міцкевічу і яшчэ траім выпускнікам семінарыі. Разам з мітрапалітам у цэлебрацыі літургіі ўдзельнічалі таксама святары з Пінскай дыяцэзіі, якія прыбылі ў Алтажэў, каб памаліцца і духоўна падтрымаць свайго земляка і сабрата ў служэнні Богу і людзям.

Асабліва духоўна суправаджалі ў малітве айца Віталія шматлікія пілігрымы, якія ў гэты дзень крочылі з Пінска да санктуарыя Маці Божай Лагішынскай, куды штогод як паломнік крочыць таксама і ён.

Божы дар новага святара – гэта вялікая радасць і надзея для парафіі ў Пелішчы, палатынскай супольнасці і ўсёй Пінскай дыяцэзіі, вернікі якой не перастаюць маліцца аб новых святарскіх пакліканнях.

Айцы палатыны служаць у Пінскай дыяцэзіі ў парафіях у Бярозе, Белаазёрску, Сігневічах, Сяльцы, Жлобіне і Рагачове.