Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце!
З дару Божага Провіду 2025 г. багаты на памятныя падзеі. Сёлета Паўсюдны Касцёл адзначае Святы Юбілейны год, падчас якога мы пілігрымуем да юбілейных святынь, каб атрымаць шчодрыя адпустовыя ласкі. Таксама ў гэтым годзе мы як супольнасць Пінскай дыяцэзіі дзякуем Пану Богу за сто гадоў з даты яе заснавання. А разам з усімі вернікамі горада Баранавічы хочам праслаўляць Божую Міласэрнасць за яшчэ адзін дар – касцёл Узвышэння Святога Крыжа, найстарэйшую святыню гэтага адносна маладога горада, якая сто гадоў таму была прызначаная для Божай хвалы і збаўлення вернікаў.
У 1925 г. Біскуп Пінскі Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі здзейсніў пасвячэнне касцёла Узвышэння Святога Крыжа. Святыня была пабудаваная мясцовымі вернікамі, сярод якіх была сям’я графа Развадоўскага, які ў пэўным сэнсе быў адным з заснавальнікаў горада Баранавічы і разам з жонкай клапаціўся аб пабудове тут першага касцёла. Паводле завяшчання, заснавальнікі горада і фундатары святыні былі пахаваныя ў падземнай крыпце касцёла Узвышэння Святога Крыжа.
Малады горад Баранавічы ў першыя дзесяцігоддзі свайго існавання стаў родным для святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Менавіта тут прайшлі яго школьныя гады, тут ён як юнак распазнаў сваё пакліканне да святарства, тут Слуга Божы Біскуп Зыгмунт Лазінскі ўдзяліў яму сакрамэнт канфірмацыі, адсюль ён паступаў у Пінскую вышэйшую духоўную семінарыю і тут ён цэлебраваў сваю прыміцыйную святую Імшу як святар. Баранавічы былі яго родным горадам дзяцінства і юнацтва, дзе ён узрастаў у веры і мацаваў сваё пакліканне, молячыся таксама ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа.
Ад часоў Другой сусветнай вайны да 1995 г. найстарэйшая баранавіцкая святыня была адзіным касцёлам у горадзе. Дзякуем Пану Богу, што ў складаныя часы атэістычных пераследаў святыня была адчыненая і тут служылі святары, удзяляючы шматлікім вернікам святыя сакрамэнты, яднаючы іх з Богам і навучаючы веры. Памятаем у малітве пра ўсіх святароў і кансэкраваных асобаў, якія служылі раней і служаць цяпер у гэтым касцёле – “маці” ўсіх цяперашніх парафій горада.
Сёння касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах – гэта адзін з 6 месцаў культу ў горадзе, які налічвае ўжо больш за 180 тыс. жыхароў. Гэты сучасны і развіты горад можа ганарыцца не толькі высокатэхналагічнай прамысловасцю і гаспадаркай, але таксама вялікай духоўнай спадчынай і культурай, здабытай за апошнія сто гадоў. Жамчужынай і сведкам гэтага багацця душы жыхароў Баранавічаў з’яўляецца касцёл Узвышэння Святога Крыжа.
Запрашаю ўсіх вас, браты і сёстры, 14 верасня на 13.00 гадзіну на ўрачыстую святую Імшу падзякі Пану за стогадовы юбілей гэтай святыні ў Баранавічах. Няхай нашая супольная Эўхарыстыя ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа стане актам праслаўлення Бога за ўсе незлічоныя ласкі, якія на працягу апошняга стагоддзя атрымлівалі нашыя дзяды, бацькі і сучаснае маладое пакаленне. Молімся таксама, каб усе нашыя парафіі мелі годнае месца культу і каб Добры Бог благаславіў нашу дыяцэзію шчодрасцю новых пакліканняў да святарства.
З пастырскім благаслаўленнем,
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 26 жніўня 2025 г.