НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Пасланне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Адвэнт 2026 г.

“Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!” (Лк 3,4)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Дзякуючы Божай ласцы мы ўваходзім у чарговы Адвэнт. З дзяцінства большасць з нас ведае, што сабой уяўляе гэты літургічны перыяд. Што значыць гэтае слова, якое яго пасланне і пра што нагадвае. Аднак, для кожнага з нас штогод змяняецца час перажывання Адвэнту, а таксама кантэкст нашага жыцця, з-за якога кожны раз па-іншаму крочым праз дні гэтага перыяду. Незалежна ад таго, што адбываецца з кожным з нас і як працякае жыццё, галоўны пасыл кожнага літургічнага перыяду не змяняецца, ён заўсёды мае сваю нязменную галоўную тэму і думку.

Якое галоўнае пасланне Адвэнту? Пан Бог блізка. Ён надыходзіць. Тое, чаго чакалі шматлікія пакаленні старазапаветнага Ізраэля, здзяйсняецца. Збаўленне становіцца фактам. Бог радыкальна ўваходзіць у гісторыю свету і кожнага чалавека з дарам адкуплення. Час пачынае новы адлік. Гэта гістарычнае і тэалагічнае пасланне. Але ёсць яшчэ іншае, скіраванае асабіста да кожнага з нас. Дарагі брат і сястра, набліжаецца тваё персанальнае спатканне з Панам. Не ведаеш, калі яно надыдзе. Аднак, яно ўсё бліжэй. Гэтыя два пасланні застаюцца ў Адвэнце пастаяннымі і нязменнымі.

У падыходзе да гэтага святога часу ў апошнія дзесяцігоддзі многія вернікі сустракаюцца з новымі выклікамі з боку свецкага асяроддзя. Як гэта не парадаксальна, але у свеце камерцыі і спажывецтва ўсё часцей гучыць слова “Адвэнт”, “адвэнтавы каляндар”, “падрыхтоўка да святаў”. На першы погляд гэта можа здавацца добрай навінай для хрысціянаў. Але ці ўсё гэта заклікае людзей да навяртання і перамены духоўнага жыцця на лепшае? На хвалі рэкламнага бізнесу, камерцыйнай мітусні і маркетынгу перыяд Адвэнту ў знешняй актыўнасці можа здавацца больш інтэнсіўным і важнейшым нават за святы Божага Нараджэння. Месяц снежань можа стацца часам сканцэнтраваным на падрыхтоўцы, але да чаго? Да набывання і спажывання: тавараў, прадуктаў, падарункаў, удзелу ў ранішніках, спатканнях, вечарынах, карпаратывах. Яшчэ не надышло Божае Нараджэнне, а ўжо многіх спакушае пераскок у атмасферу каляднай ялінкі і святкавання. На фоне ўсяго гэтага губляецца і глыбінны змест Адвэнту, і самога Божага Нараджэння. У выніку з надыходам святаў чалавек ужо можа пачуцца стомленым каляднай атмасферай, бо паспяшаўся пагрузіцца ў знешні бляск радасці без яе прычыны і зместу, без Адвэнту, без раскрыцця глыбіннага сэнсу і аднаго перыяду, і другога.

Дарагія браты і сёстры! Запрашаю ўсіх вас паклапаціцца аб тым, каб без мітусні і паспешлівасці ўвасці ў касцёльны рытм раскрывання духоўнага вымярэння і Адвэнту, і падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння. Нельга паддацца спакусе завузіць гэты святы час да знешняга бляску Калядаў. Пастараймася знайсці ў сваім жыцці прастору для ўваходу ў глыбінныя сэнсы таямніцы Адвэнту, Божага паслання надзеі, чакання, чуйнасці і гатоўнасці на сустрэчу з надыходзячым Панам.

Няхай гэты час стане для кожнага з нас асаблівай нагодай да паглыблення веры. Няхай кожная Раратняя святая Імша дапаможа нам паглыбіць свае адносіны з Богам. Фіялетавы колер адвэнтавай задумы няхай не будзе заслонены перад нашымі вачыма спажывецкай спакусай адразу і наіўна акунуцца толькі ў знешні бляск каляднага святкавання.

Пастараймася так увайсці ў рытм Адвэнту, каб той досвед веры і надзеі, які ён нясе, не спыніўся на парозе трыумфу радаснага святкавання Божага Нараджэння. Няхай ён дапаможа нам яшчэ глыбей спазнаць таямніцу прыйсця ў свет Збавіцеля, схаваную за беднымі яслямі ў Бэтлеемскай стайні. Каб ідучы за гэтай таямніцай, мы змаглі з абноўленым рытмам духоўнага жыцця пайсці за Хрыстом далей: да Ерузалема, да Галготы, да ўваскрашэння і нашага новага нараджэння для Божага Валадарства. У святле такога шляху мы зможам намнога глыбей і эфектыўней пражываць дадзены нам час Адвэнту і належным чынам увайсці ў святкаванне таямніцы нараджэння Божага Сына сярод нас.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі


Пінск, 25 лістапада 2026 года
Анонсы Дакументы Біскуп Пінскі