БУДУЧЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ

26 красавіка ў касцёлах Пінскай дыяцэзіі будуць маліцца за памерлага Папу

У дзень пахавання Святога Айца Францішка 26 красавіка а 11.00 (па мінскім часе) ў касцёлах Пінскай дыяцэзіі святары будуць служыць святыя Імшы за спачылага Пантыфіка.

Літургія будзе распачынацца жалобным гучаннем касцёльных званоў, запрашаючы не толькі вернікаў, але ўсіх людзей добрай волі да малітвы і памяці пра гэтага вялікага архіпастыра Касцёла.

Біскупы Пінскай дыяцэзіі ў гэты дзень будуць цэлебраваць літургію ў найбуйнейшых гарадах дыяцэзіі. Біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліць святую Імшу ў Пінскай катэдральнай базыліцы. Адначасова Біскуп Андрэй Зноска будзе маліцца з вернікамі парафій горада Брэста а 11.00 у касцёле Узвышэння святога Крыжа, а Біскуп Казімір Велікаселец узначаліць святую Імшу ў той жа час у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі.

Цэлебрацыя Найсвяцейшай Эўхарыстыі ў адну і тую ж гадзіну будзе асаблівым знакам лучнасці вернікаў і душпастыраў Пінскай дыяцэзіі з сабранымі на пахавальнай святой Імшы на плошчы святога Пятра ў Рыме, якая распачнецца а 11.00 па мінскім часе.
Будучыя падзеі ў Дыяцэзіі