4 лютага адбудзецца сустрэча з нагоды Дня кансэкраванага жыцця
Штогод у пачатку лютага духоўныя і кансэкраваныя асобы Пінскай дыяцэзіі збіраюцца на адмысловую малітоўную сустрэчу з нагоды Дня кансэкраванага жыцця. Сёлета сустрэча адбудзецца 4 лютага ў капліцы Найсвяцейшай Тройцы пры Катэхетычным каледжы ў Баранавічах.
Сусветны дзень кансэкраванага жыцця быў абвешчаны Папам Янам Паўлам II у 1997 г. Ён прымеркаваны да свята Ахвяравання Пана, якое Каталіцкі Касцёл адзначае 2 лютага. Многія дыяцэзіі свету ў гэты дзень або ў бліжэйшы да яго ладзяць сустрэчы і адмысловыя набажэнствы, каб памаліцца за кансэкраваных асоб – усіх манахаў і манахінь, выказаць ім удзячнасць за іх ахвярнасць і служэнне, а таксама каб узнесці да Бога малітву аб новых пакліканнях да гэтага асаблівага прысвячэння.
Біскуп Пінскі запрашае ўсіх вернікаў да малітвы за кансэкраваных асоб, якія служаць у дыяцэзіі, і запрашае да ўдзелу ў супольным набажэнстве 4 лютага ў Баранавічах.