АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка З нагоды ўрачыстасці Святых Апосталаў Пятра і Паўла

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

“Веру ў Адзіны, Святы, Каталіцкі і Апостальскі Касцёл”.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Гэтыя словы Вызнання веры мы часта паўтараем у нашых малітвах, а таксама падчас кожнай нядзельнай і ўрачыстай святой Імшы. Штогод урачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла з’яўляецца для нас добрай нагодай, каб яшчэ раз заглыбіцца ў значэнне і асновы нашага вызнання Веры. Апосталы, якіх мы ўшаноўваем 29 чэрвеня, з’яўляюцца духоўнымі апорамі веры Касцёла. Яны ўстаноўленыя самім Езусам Хрыстом. Адзін з іх – праз пакліканне, другі – праз навяртанне. Пётр стаў першым намеснікам Хрыста на зямлі і бачным галавою Касцёла. Павел рупіўся над пачаткамі фарміравання дактрыны Касцёла і стаўся Апосталам народаў.

Ад самага пачатку супольнасць Хрыстовага Касцёла разумела асаблівае значэнне Пятровага служэння. Калі ў хрысціянскай грамадзе ў Карынце ўзніклі непаразуменні ў канцы I стагоддзя, вернікі звярнуліся па дапамогу да святога апостала Яна, апошняга на той час жывога навочнага сведкі зямнога жыцця Хрыста і вялікага аўтарытэта для ўсяго Касцёла. Аднак святы Ян адаслаў іх у Рым, дзе сваё служэнне выконваў ужо чарговы наступнік Апостала Пятра – Папа Клеменс Рымскі. Святы Ян адказаў карынцянам коратка: “У Рыме маеце Папу. Да яго звяртайцеся”. І так адбываецца ўжо больш за дваццаць стагоддзяў гісторыі Касцёла. І так будзе столькі, колькі вызначыць Пан Бог.

На працягу вякоў ужо стала крылатым выразам глыбокая праўда пра аўтарытэтнае вырашэнне розных спраў на ўзроўні Апостальскай Сталіцы як найвышэйшай інстанцыі Касцёла: “Roma locuta, causa finita” (Рым выказаўся, справа завершаная). Гэта выраз найвышэйшай павагі да служэння наступнікаў апостала Пятра. Рым і Ватыкан – гэта месца, дзе знаходзіцца грабніца князя апосталаў. І гэтае месца для нас з’яўляецца сэрцам Касцёла. Калі ў 1958 г. пасля смерці Папы Пія XII было абвешчана яго завяшчанне, то многія былі здзіўленыя, што ён выказаў жаданне быць пахаваным як найбліжэй грабніцы святога Пятра каля канфесіі ў ватыканскай базыліцы. Некаторыя ўспрымалі гэта як нясціпласць памерлага Пантыфіка. Але гэты Папа лічыў найбольшым сваім здзяйсненнем арганізацыю археалагічных раскопак у падзямеллях базылікі і канчатковае пацвярджэнне навукоўцамі месца і аўтэнтычнасці пахавання святога Апостала Пятра. І так сталася. У палове XX ст. даследчыкі пацвердзілі сапраўднасць трываючай у Касцёле дзве тысячы гадоў традыцыі, якая фарміравалася вакол гэтага месца ў Ватыкане. Гэтая традыцыя рэхам паўтарае пасланне Хрыста, выказанае Ім у Цэзарэі Філіпавай і запісаным у Евангеллі: “Ты - Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (гл. Мц 16, 18).

Дарагія дыяцэзіяне! Сёння ў духу гэтага вызнання і абяцання Пана Езуса кіруем наш позірк на Ватыкан, на Апостальскую Сталіцу і сучаснага наступніка Апостала Пятра – Яго Святасць Папу Льва XIV. Дзякуем Богу за яго служэнне. Хрыстус паклікаў яго з-за акіяну, дзе ён як манах Ордэна святога Аўгустына быў місіянерам, нёс святарскую паслугу, як біскуп кіраваў дыяцэзіяй, а як кардынал узначальваў Дыкастэрыю па справах біскупаў у Апостальскай Сталіцы.

Сёлета 25 мая была апублікаваная першая энцыкліка Папы Льва XIV пад тытулам “Magnifica humanitas” (“Веліч чалавецтва”). У ёй Пантыфік запрашае наспаглядзець на выклікі сучаснага свету ў святле сацыяльнага вучэння Касцёла. На пачатку Святы Айцец нагадвае пра два біблійныя факты: пабудову Вавілонскай вежы і адбудову Ерузалемскай святыні. Першы факт распавядае пра чалавечую пыху, якая можа гуртаваць людзей вакол жадання канкураваць з Богам і намагацца стаць мацнейшымі за Яго. Другі факт паказвае як людзі могуць яднацца вакол супрацоўніцтва з Богам. Сучасны свет стаіць перад пагрозай адыходу ад Пана Бога, культу чалавечага розуму і тэхналагічных магчымасцей. Трывалую надзею ж дае толькі вяртанне да Пана і супрацоўніцтва з Ім. У гэтым кантэксце Пантыфік асабліва звяртае ўвагу на тэму штучнага інтэлекту, які становіцца велізарным шанцам, а адначасова можа стаць вялікай пагрозай. Гэты заклік Святога Айца паказвае, што слова наступніка Святога Пятра надалей застаецца вельмі важным, актуальным і аўтарытэтным голасам як у Касцёле, так і ва ўсім свеце.

Ва ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла запрашаю ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, атуліць асаблівай малітвай Яго Святасць Папу Льва XIV. Заахвочваю вас да ўважлівага слухання і разважання яго павучэнняў. Дзякуем Богу за такі вялікі дар для Касцёла, якім ёсць аўтарытэт навучання Папы і нязменная пераемнасць яго паслугі. Адначасова хачу падзякаваць вам за падтрымку ягонай місіі Пятра, якую вы аказваеце сваімі ахвярамі і малітвамі, каб Святы Айцец і Апостальская Сталіца маглі выконваць сваё служэнне Паўсюднаму Касцёлу і справе збаўлення свету. Няхай Добры Бог і нябеснае заступніцтва святых Апосталаў няспынна ўмацоўвае нашае трыванне ў Адзіным, Святым, Каталіцкім і Апостальскім Касцёле.

З пастырскім благаслаўленнем,


+ Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі

Пінск, 25.06.2026 г.
2026-06-29 18:45 Дакументы Біскуп Пінскі