Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
У гэты асаблівы час, калі Паўсюдны Касцёл святкуе Звычайны Юбілей Святога 2025 года, а Пінская дыяцэзія адзначае сотую гадавіну з даты яе заснавання, запрашаю ўсіх вас на ўрачыстасць пасвячэння касцёла Езуса Хрыста Добрага Пастыра ў пасёлку Гарадзец каля Кобрына. Кансэкрацыя святыні адбудзецца ў суботу 24 мая падчас святой Імшы а 12.00 гадзіне.
Парафія ў Гарадцы налічвае шмат стагоддзяў. Гістарычныя крыніцы ўзгадваюць, што ўжо ў 1633 г. тут існаваў прыгожы касцёл, які, нажаль, не захаваўся да нашых дзён. Нягледзячы на драматычную гісторыю, руплівыя гарадзецкія вернікі кожны раз пасля чарговых гістарычных патрасенняў адбудоўвалі сваю парафіяльную святыню. Касцёл, які будзе пасвечаны 24 мая, з’яўляецца ўжо чацвёрты храм адбудаваны мясцовай прафіяй у Гарадцы за апошнія стагоддзі.
Тое, што Божая Прадбачлівасць не перастае клапаціцца аб верніках усёй Кобрыншчыны, а асабліва парафіі ў Гарадцы, сведчыць факт цудоўнага захаванння выявы Маці Божай са старадаўняга касцёла ў гэтым пасёлку. Гэты абраз Багародзіцы лічыўся страчаным. Падчас будаўнічых прац па ўзвядзенню новай святыні, мясцовы жыхар каўшом экскаватара на месцы старога касцёла зачапіў у зямлі скрутак, у якім аказаўся выкананы на дошцы старадаўні касцёльны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам на руках. Мясцовыя старажылы памяталі, як перад гэтай выявай Багародзіцы кленчылі і маліліся многія жыхары Гарадца.
Пасля рэстаўрацыі цудам захваная выява Маці Божай заняла сваё пачэснае месца каля алтара новага касцёла ў Гарадцы. Неўзабаве Пан Бог даў моцны знак цудоўнага ацалення мясцовай парафіянкі ад невылечнай хваробы. Жанчына, пакутуючы ад цяжкай хваробы і безнадзейнага дыягназу лекараў, з малітвай звярнулася па заступніцтва Багародзіцы і дакранулася да старадаўняга абраза. Якое ж было здзіўленне і яе, і медыкаў, што невылечная хвароба знікла. Бог адказаў цудоўнай ласкай на шчырую малітву хворай жанчыны і яшчэ раз пацвердзіў дзейснасць апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.
Акрамя цудам захаванага і знойдзенага абраза, са старадаўняга гарадзецкага касцёла захаваўся гістарычны звон. Калісьці пабожная сям’я парафіянаў падарыла роднаму касцёлу звон, які збіраў вернікаў на супольныя набажэнствы і агучваў важныя моманты ў жыцці парафіі. Гэты звон пад назвай “Марыя” быў прысвечаны апецы Маці Божай. Пасля знішчэння старадаўняга гарадзецкага касцёла звон быў выратаваны. Яго вывезлі ў сталіцу і сёння ён знаходзіцца ў мемарыяльнай капліцы на “Востраве слёз” у цэнтры Мінска. Руплівымі вернікамі і дзяржаўнымі ўладамі прадпрымаліся захады накіраваныя на вяртанне звана ў адбудаваны касцёл у Гарадцы. Спадзяёмся, што ён вернецца на сваё гістарычнае месца ў родную парафіяльную святыню згодна з воляй ахвярадаўцаў.
Дарагія браты і сёстры, новы гарадзецкі парафіяльны касцёл прысвечаны Езусу Хрысту Добраму Пастыру. Няхай урачыстасць пасвячэння гэтай святыні стане для ўсіх нас асаблівым днём малітвы да Пана Бога за ўсіх пастыраў Касцёла: за Святога Айца і яго прадстаўніка ў Беларусі арцыбіскупа нунцыя Іньяцыё Чэффаліа, за нашых біскупаў і святароў. Памолімся за нашых парафіяльных душпастыраў, дзякуючы якім захавалася і перадаецца вера з пакалення ў пакаленне. Не забудзем у малітве пра памерлых духоўных і кансэкраваных асобаў, якія служылі ў нашых касцёлах. І горача папросім Хрыста Добрага Пастыра аб шматлікіх новых пакліканнях да Божай службы, каб кожная парафіяльная супольнасць у нашай дыяцэзіі дачакалася свайго пастаяннага руплівага святара.
У духу ўдзячнасці Міласэрнаму Богу за адраджэнне святыняў на нашай зямлі, запрашаю вас, дарагія святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і ўсе людзі добрай волі на радасную ўрачыстасць пасвячэння касцёла ў Гарадцы. Няхай гэтая святыня не перастае быць жыватворчай крыніцай збаўчых Божых ласк для кожнага чалавека.
З пастырскім благаслаўленнем,
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 4 красавіка 2025 г.