АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды пасвячэння касцёла Маці Божай Ружанцовай у Белаазёрску

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы,

умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, людзі добрай волі!


З Божай ласкі мы распачалі новы 2026 год ад Нараджэння Езуса Хрыста. У бягучым годзе мы жадаем асаблівым чынам дзякаваць Міласэрнаму Богу за 35 гадоў адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, што стала яшчэ адным імпульсам для яшчэ большага духоўнага ўзрастання супольнасці Пінскай дыяцэзіі. За апошнія дзесяцігоддзі аднавіліся і ўмацаваліся шматлікія парафіі, былі адбудаваныя старадаўнія святыні і пабудаваныя новыя, асабліва ў вялікіх і маладых гарадах.

Яскравым прыкладам таго, што Хрыстовы Касцёл у нашай дыяцэзіі працягвае адраджацца і развівацца, з’яўляецца парафіяльная святыня Маці Божай Ружанцовай у горадзе Белаазёрску. Гэта адзін з тых маладых гарадоў нашай краіны, які ўзнік у другой палове ХХ стагоддзя дзякуючы паспяховаму эканамічнаму развіццю Палесся. Разам з ростам колькасці насельніцтва горада ўзрастала таксама колькасць мясцовых вернікаў-гараджан. Яны гарманічна ўпісаліся ў шматвяковую гісторыю Каталіцкага Касцёла на гэтых землях. Сведкамі гэтай вялікай духоўнай спадчыны з’яўляюцца святыні ў суседніх вёсках і мястэчках: Сігневічах, Сяльцы, Бездзежы, памяткі кляштару айцоў картузаў у Бярозе. Практычна ва ўсіх вёсках раёна многія стагоддзі кампактна пражываюць католікі, якія на працягу стагоддзяў будавалі касцёлы, стваралі парафіяльныя супольнасці, уносілі свой бясцэнны ўклад у равіццё духоўнай культуры нашага народа.

На пачатку 1990-х гадоў у Белаазёрску арганізавалася парафія, якая абрала сабе за апякунку Найсвяцейшую Панну Марыю Ружанцовую. Адразу вернікі пачалі шукаць магчымасць пабудаваць сваю парафіяльную святыню. Пасля многіх гадоў пошукаў і старанняў у 2014 г. распачалося будаўніцтва касцёла. Яно было паспяхова завершана ў 2015 г. Святыня стала сапраўдным упрыгажэннем горада і асаблівым месцам яднання чалавека з Богам.

Сёння звяртаюся да ўсіх вас, дарагія дыяцэзіяне, з запрашэннем далучыцца да ўрачыстасці з нагоды пасвячэння касцёла Маці Божай Ружанцовай у Белаазёрску, якая адбудзецца 24 студзеня а 11.00 гадзіне. Запрашаю святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на святую Імшу, падчас якой адбудзецца абрад кансэкрацыі – малітоўнага аддання гэтай святыні ў выключнае служэнне Богу і духоўнаму ўзрастанню вернікаў.

Падтрымаем нашай малітвай і прысутнасцю парафіяльную супольнасць Белаазёрска, дзякуючы Міласэрнаму Богу за дар новай святыні і просячы Маці Божую аб далейшай апецы для гэтай парафіі і ўсіх яе дабрадзеяў.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі


Пінск, 8 студзеня 2026 г.
2026-01-08 23:00 Падзеі ў Дыяцэзіі Біскуп Пінскі Дакументы