НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Святая Імша за памерлага Папу Францішка ў Пінску

26 красавіка ў дзень пахавання Святога Айца Францішка ў Пінскай катэдральнай базыліцы адбылася Святая Імша за памерлага Пантыфіка.

Літургію ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім у цэлебрацыі ўдзельнічалі святары, якія служаць у парафіях горада Пінска. На Імшу ў інтэнцыі Папы сабраліся таксама шматлікія вернікі горада.
Перад пачаткам літургіі са словамі спачуванняў ад імя мясцовых органаў дзяржаўнай улады да біскупа і сабраных вернікаў звярнуўся Старшыня Савета дэпутатаў г. Пінска Сяргей Віктаравіч Куніцкі. Са свайго боку біскуп Антоні падзякаваў за прысутнасць і выказаныя словы Старшыні Савета дэпутатаў, а таксама прыбылым прадстаўнікам мясцовай выканаўчай улады: Намесніку Старшыні Пінскага райвыканкама Дзімтрыю Георгіевічу Палхоўскаму і Кіраўніку справамі Пінскага гарвыканкама Берасценю Ігару Мікалаевічу.
У гаміліі падчас літургіі канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка прыгадаў жыццёвы шлях Святога Айца Францішка і запрасіў вернікаў да духоўнай лучнасці з усімі сабранымі на пахавальнай святой Імшы ў Рыме на плошчы святога Пятра.
На заканчэнне літургіі біскуп Антоні падзякаваў усім вернікам за супольную малітву. Таксама ён нагадаў, што ў гэты самы час усе святары Пінскай дыяцэзіі цэлебруюць Найсвяцейшую Эўхарыстыю ў інтэнцыі спачылага Папы. Таксама духоўна лучацца ў малітве біскуп Андрэй Зноска разам з парафіянамі ў Брэсце, і біскуп Казімір Велікаселец з вернікамі парафій у Гомелі.
Святы Айцец Ватыкан Біскуп Пінскі Падзеі ў Дыяцэзіі