НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Жыццёвы шлях Папы Францішка

Святы Айцец Францішак (Хорхэ Марыя Берголіа) нарадзіўся 17 снежня 1936 г. ў г. Буэнас-Айрэс (Аргентына) у сям’і італьянскіх мігрантаў. Бацька Марыо працаваў бухгалтарам на чыгунцы. Маці Рэгіна поўнасцю прысвяціла сябе выхаванню дзяцей. Хорхэ быў наймалодшым з пяці дзяцей у сям’і Берголіа.

У юнацтве ён цікавіўся прыродазнаўчымі навукамі. Пасля заканчэння школы-тэхнікума атрымаў дыплом хіміка-тэхніка. Адчуваючы пакліканне да святарства, паступіў у духоўную семінарыю ў Буэнас-Айрэсе. У 1958 г. быў прыняты ў манаскую супольнасць Ордэна Езуітаў. Шлях яго манаскай фармацыі і працяг адукацыі праходзіў у Чылі, у каледжы Святога Юзафа ў Сан-Мігеле каля Буэнас-Айрэса, у каледжы Беззаганнага Зачацця ў Санта-Фэ (Аргентына). Пасля заканчэння вучобы ён працаваў выкладчыкам філасофіі, тэалогіі і гуманітарных навук у каталіцкіх каледжах у родным Буэнас-Айрэсе. З 1966 па 1969 гг. працягваў навучанне на тэалагічным факультэце каледжа Святога Юзафа ў Сан-Мігеле, дзе атрымаў ступень ліцэнзіята па філасофіі і тэалогіі. У 1969 г. прыняў святарскае пасвячэнне. З 1970 па 1973 гг. выконваў розныя фармацыйныя функцыі ў манаскіх супольнасцях свайго Ордэна, быў выкладчыкам і выхаваўцам у духоўнай семінарыі ў Сан-Мігеле.

З 1973 па 1979 г. айцец Берголіа служыў правінцыялам (настаяцелем) супольнасці Ордэна Езуітаў ва ўсёй Аргенціне. З 1979 па 1986 г. быў рэктарам каледжа Святога Юзафа ў Сан-Мігеле, а таксама служыў як душпастыр у мясцовай парафіі. З 1979 па 1991 г. працягваў навуковую працу, служачы таксама ў Іспаніі, Велікабрытаніі і Германіі. На тэалагічным факультэце каледжа Святога Георга ў Франкфурце-на-Майне абараніў доктарскую дысертацыю.

20 мая 1992 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў Хорхэ Берголіа дапаможным біскупам архідыяцэзіі ў Буэнас-Айрэсе. Яго біскупская кансэкрацыя адбылася ў архікатэдральным касцёле гэтага горада 27 чэрвеня 1992. 3 чэрвеня 1997 г. біскуп Берголіа быў прызначаны каад’ютарам архідыяцэзіі ў Буэнас-Айрэсе. А 28 лютага 1998 г. стаў арцыбіскупам і ўзначаліў гэтую архідыяцэзію. У той жа час Папа прызначыў яго ардынарыем для католікаў усходніх абрадаў у Аргенціне.

У часы біскупскага служэння будучы Папа адзначаўся тым, што ад пачатку адмовіўся жыць у біскупскіх апартаментах, вёў аскетычны стыль жыцця, сам гатаваў ежу, карыстаўся толькі грамадскім транспартам. На пытанні пра свой спосаб жыцця ён з дабразычлівай усмешкай адказваў: “Мае людзі бедныя і я адзін з іх”. Яго служэнне ў якасці арцыбіскупа Буэнас-Айрэса адзначалася акцэнтам на евангелізацыю і клопат пра бедных. У 2001 г. пра яго пісалі шматлікія медыя, калі ён наведаў хоспіс для хворых на СНІД, дзе 12 асобам умыў ногі ў Вялікі Чацвер. А знакаміты футбольны клуб Святога Лаўрэнція з Буэнос Айрэса (CA San Lorenzo de Almagro), якога гарачым заўзятарам заўсёды быў арцыбіскуп Берголіа, абвясціў яго сваім ганаровым членам.

21 лютага 2001 г. Папа Ян Павел ІІ ўзнёс арцыбіскупа Берголіа да годнасці кардынала. Даведаўшыся пра намер вернікаў прыехаць з Аргенціны ў Рым на ўрачыстасць надання яму годнасці кардынала, будучы Пантыфік папрасіў іх, каб яны не трацілі грошы на дарогу, але сабралі ўсе сродкі, якія планавалі выдаць на білеты, і прызначылі іх на дапамогу бедным у сваёй краіне.

Кардынал Хорхэ Марыя Берголіа, працягваючы служыць у Буэнас-Айрэсе, быў адначасова актыўным супрацоўнікам некалькіх дыкастэрый Апостальскай Сталіцы: Кангрэгацыі па справах духавенства, Кангрэгацыі Божага культу і ідысцыпліны сакрамэнтаў, Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Папскай Рады па справах сям’і, Папскай Камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Падчас Сінода біскупаў 2005 г. кардынал Берголіа быў выбраны членам паслясінадальнай рады. З 2005 па 2011 г. узначальваў Канферэнцыю біскупаў Аргенціны.

13 сакавіка 2013 г. кардынал Берголіа быў выбраны на пасаду 266-га Рымскага Пантыфіка. Такім чынам ён стаў першым Папам з Лацінскай Амерыкі і першым пасля амаль 1300 гадоў Папам з па-за Еўропы. Таксама ён быў першым сярод Біскупаў Рыму, хто выбраў імя Францішак. Такім чынам Святы Айцец падкрэсліў сваю духоўную блізкасць да простага стылю і ўбогасці святога Францішка Асізскага. Плённыя 12 гадоў ахвярнага служэння Папы Берголіа пацвердзілі яго вернасць ідэалам убогага святога з Асізі. Па яго прыкладу пантыфікат Папы Францішка адзначаўся клопатам пра бедных, простага падыходу да жыцця ў духу любові да кожнага Божага стварэння, дбання аб супакоі і паяднанні паміж усімі людзьмі.

За 12 гадоў служэння на пасадзе Пантыфіка, Святы Айцец Францішак здзейсніў 30 насычаных апостальскіх падарожжаў на розныя кантыненты свету. Ім было выдадзена 103 афіцыйныя дакументы на розныя тэмы з жыцця Касцёла і свету (энцыклікі, апостальскія канстытуцыі, апостальскія пасланні, апостальскія адгартацыі, Motu proprio і інш.). Папа Францішак нястомна сустракаўся з рэлігійнымі, палітычнымі і грамадскімі лідэрамі і касцёльнымі супольнасцямі, клапоцячыся аб супакоі, справядлівасці і паяднанні паміж людзьмі.

21 красавіка 2025 г., у пасхальны панядзелак, Святы Айцец Францішак адышоў у вечнасць, у дом Нябеснага Айца. Пахаванне спачылага Папы адбудзецца 26 красавіка. Пасля святой Імшы на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, яго цела, згодна з завяшчаннем, будзе пахавана ў крыпце рымскай базылікі Маці Божай Вялікай (Basilica Papale di Santa Maria Maggiore).
2025-04-23 20:00 Святы Айцец