НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Завяршыўся VI фестываль арганнай музыкі „Ars Magna Organi”

4 кастрычніка, у 800-ую гадавіну адыходу ў вечнасць святога Францішка Асізскага, а таксама ў 929-ую гадавіну заснавання горада на Піне, ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі адбылося ўрачыстае закрыццё VI фестываля акадэмічнай арганнай музыкі „Ars Magna Organi” (“Вялікае мастацтва аргана”).

Завяршальная канцэртная праграма, якая прайшла 3-4 кастрычніка, была ўзбагачаная не толькі выкананнем шэдэўраў сакральнай арганнай музыкі. Яе асаблівым удзельнікам стаў знакаміты беларускі музычны ансамбль “Камерныя салісты Мінска” пад кіраўніцтвам маэстра Дзмітрыя Зубава. Калектыў сёлета адзначае 25 год плённага служэння на музычнай ніве і сваё выступленне прымеркаваў да гэтай юбілейнай даты.

Сёлетні фестываль акадэмічнай арганнай музыкі праходзіў з 30 мая па 4 кастрычніка. Ён ахопліваў 9 гарадоў і вёсак, у якіх знаходзяцца знакамітыя гістарычныя і сучасныя арганы. За ўвесь перыяд фестываля ў 2026 годзе адбылося больш за 90 канцэртаў вядучых выканаўцаў, арганістаў і музычных калектываў Беларусі.

Урачыстае закрыццё VI фестываля было адмыслова прымеркавана да 4 кастрычніка – дня памяці святога Францішка Асізскага. Цэнтр фестываля - пінскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі са старадаўнім арганам быў заснаваны больш за 700 гадоў таму манахамі-францішканамі - духоўнымі сынамі гэтага знакамітага святога, які на працягу многіх вякоў не перастае натхняць людзей веры, культуры і мастацтва.

Велічная пінская базыліка, намоленая шматлікімі стагоддзямі, стварае адмысловую атмасферу сустрэчы чалавека з Богам і вечнымі каштоўнасцямі, што асабліва перажываецца пад непаўторнае гучанне жывой арганнай музыкі.
Падзеі ў Дыяцэзіі