НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Біскуп Дзям’янка узначаліў фэст Маці Божай Брэсцкай

31 мая ў свята Адзведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў урачыстую літургію ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце.

Ужо стала традыцыяй у апошнюю суботу мая святкаваць фэст у гонар Маці Божай Брэсцкай. Вітаючы вернікаў, біскуп Антоні падкрэсліў, што выява Найсвяцейшай Панны ўвенчаная папскімі каронамі ў цудоўным Брэсцкім вобразе вякамі ўшаноўваецца ў касцёле на цэнтральнай плошчы горада над Бугам. Гэтая ікона мае вялікую і драматычную гісторыю, стаючыся знакам асаблівай апекі Багародзіцы над усімі жыхарамі Брэста на працягу многіх стагоддзяў.

Акрамя літургіі святой Імшы ў гэты святочны дзень адбылося спецыяльнае набажэнства ў гонар Маці Божай Брэсцкай перад Яе цудоўнай іконай, якая знаходзіцца пры бакавым алтары касцёла.

Благаслаўляючы вернікаў на заканчэнне літургіі, Біскуп Антоні Дзям’янка нагадаў вернікам, што Паўсюдны Касцёл сёлета адзначае Юбілейны Год, а Пінская дыяцэзія – стагоддзе з даты заснавання. Іерарх заўважыў, што брэсцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў 2025 годзе аб’яўлены юбілейнай святыняй, дзе кожны вернік на звычайных умовах можа штодня прымаць Божыя ласкі адпустаў, молячыся як у сваіх патрэбах, так і духоўна ўспамагаючы тых, хто адышоў у вечнасць.

Падрабязна пра гісторыю іконы Брэсцкай Мадонны можна пазнаёміцца ТУТ.
Падзеі ў Дыяцэзіі Біскуп Пінскі