НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Як даведацца пра час святой Імшы ў любым касцёле ў Беларусі?

Вернікі, якія плануюць паездку ў розныя мясціны Беларусі, плануюць таксама ўдзел у нядзельнай святой Імшы. Як даведацца пра час цэлебрацыі святой Імшы ў іншай парафіі?

У сучасным свеце, дзе ўсе карыстаюцца інтэрнетам у штодзённым жыцці, знайсці актуальны расклад Святой Імшы для верніка з’яўляецца чымсьці вельмі важным. Каб не шукаць гэты распарадак на асобных парафіяльных сайтах ці старонках у сацсетках, існуе вельмі карысны сэрвіс па пошуку Святых Імшаў: imsha.by.

Праект imsha.by — адказ на сучасную патрэбу. Гэта ініцыятыва беларускіх католікаў-айцішнікаў, якая аб’ядноўвае інфармацыю пра расклад Імшаў з розных парафій Беларусі на адной зручнай платформе.

Сёння на сайце прысутнічае больш за 200 парафій, а актуальнасць раскладу падтрымліваюць валанцёры з розных куткоў краіны. Сайт інтуітыўна зразумелы для карыстання. Кожны можа лёгка знайсці патрэбную Імшу: па горадзе, парафіі і нават мове.

Каб гэты важны і патрэбны для сучасных вернікаў праект мог добра выконваць сваё заданне, яму патрэбныя таксама валанцёры з кожнай парафіі, якія маглі б своечасова абнаўляць інфармацыю пра гадзіну цэлебрацыі святой Імшы ў сваім касцёле. Таму мадэратары праекта imsha.by запрашаюць усіх жадаючых вернікаў далучыцца да сумеснай працы па развіццю гэтага сэрвіса. Важна расказваць парафіянам пра існаванне такога сэрвіса, дзе кожны можа даваедацца пра гадзіну святой Імшы ў любым касцёле Беларусі. Але не менш важна дапамагаць гэтаму сэрвісу расказаць пра ваш касцёл і пра гадзіны набажэнстваў у вашай парафіі.

Праект imsha.by запрашае вернікаў дадаваць і абнаўляць інфармацыю на гэтым сэрвісе пра гадзіны святой Імшы ў сваім родным касцёле, каб кожнаму жадаючаму даць магчымасць удзельнічаць у літургіі ў вашай святыні.
2025-05-06 16:23