АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на 100-годдзе Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

“Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно…, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне” (Ян 17, 20.23).
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты, сёстры і ўсе людзі добрай волі! Дзякуючы Божаму Провіду мы святкуем 100-годдзе Пінскай дыяцэзіі. Спаглядаючы на пройдзены шлях, дзякуем Міласэрнаму Богу за ўсе Яго ласкі і з надзеяй глядзім у будучыню.

Памятаем, як з нагоды святкавання 90-годдзя нашай дыяцэзіі, дзесяць год таму, тагачасны Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці зазначыў, што хрысціянская вера на гэтых тэрыторыях налічвае не сто, а больш чым тысячагадовую традыцыю. Наколькі мы ведаем з гістарычных крыніцаў, першая каталіцкая святыня лацінскага абраду была пабудавана на гэтых тэрыторыях яшчэ ў часы старажытнага Тураўскага княства. А дакладна сто год таму, 28 кастрычніка 1925 года, у складаны міжваенны перыяд, у клопаце пра духоўнае дабро нашых продкаў, Папа Пій ХІ утварыў Пінскую дыяцэзію.

Землі, на якіх у пачатку ХХ стагоддзя паўстала новая дыяцэзія яшчэ нядаўна былі ахопленыя дзеяннямі Першай сусветнай вайны. Ведаем, якую трагедыю прыносяць з сабою войны: варожасць, смерць, забойствы, страта маёмасці. Людзі, якія перажываюць жахі вайны часта трапляюць у стан роспачы, безвыходнасці, павінны шукаць новага месца жылля. Не здарма старажытная малітва Касцёла да сённяшняга дня гучыць з нашых вуснаў воклічам мальбы: Ад хваробы, агню і вайны, барані нас, Божа! У такім стане ў тым далёкім ад нас 1925 годзе былі нашыя продкі. Гэта добра разумеў Папа Пій ХІ, бо яшчэ раней з 1919 па 1921 гады ён быў спачатку візітатарам Апостальскай Сталіцы на нашых землях. Ён як Нунцый не пакінуў свайго месца служэння нават у час баявых дзеянняў, а таму на ўласныя вочы бачыў і перажываў асабіста трагедыю хрысціянаў у гэтай часцы Еўропы. І таму, пасля заканчэння вайны, ужо як наступнік Святога Пятра на Апостальскім Пасадзе, у 1925 годзе стварыў новую Пінскую дыяцэзію, давяраючы яе кіраванне біскупу Зыгмунту Лазінскаму, у наш час ужо Слугу Божаму. Сёння мы молімся аб беатыфікацыі нашага першага біскупа, які так шмат зрабіў на пачатку існавання дыяцэзіі, і з вялікім узрушаннем узгадваем словы ягонага апошняга паслання: Я так вас любіў і так прагнуў аддаць за вас жыццё, і заўсёды прасіў Пана Езуса, каб спаслаў на мяне цярпенні за вас.

У цяжкі міжваенны час, адразу пасля ўтварэння дыяцэзіі, паўстала Пінская духоўная семінарыя, курыя, ствараліся розныя рэлігійныя брацтвы і дабрачынныя арганізацыі, у тым ліку і “Caritas”. Гэты перыяд, нягледзячы на ўсе існуючыя матэрыяльныя і духоўныя праблемы, стаў часам сапраўднага адраджэння Касцёла на нашых землях. Паўставалі новыя парафіі і адраджаліся даўнейшыя. Шматлікія парафіі ўрэшце атрымалі пастаянных душпастыраў.

Другая сусветная вайна прынесла нашай дыяцэзіі пакуты. У час вайны былі забітыя каля 50 святароў, што склала страту адной чацвёртай ўсяго духавенства. У многіх парафіях вернікі былі забітыя альбо рэпрэсаваныя, ці былі вымушаныя пакінуць родную зямлю ў пошуках новых магчымасцяў існавання. Потым пасляваенныя гады прынеслі многім парафіям на нашай зямлі сапраўднае спусташэнне. Дзесяцігоддзі атэізму стваралі новыя драматычныя праблемы. Забарона веры і змаганне з усялякім праяўленнем рэлігійнасці, скіраваныя ў першую чаргу супраць маладога пакалення сталіся жорсткім выпрабаваннем для вернікаў, якія працягвалі трываць у Хрысце.

З асаблівай удзячнасцю і з глыбокім захапленнем мы ўспамінаем сёння сапраўдны духоўны подзвіг тых нашых вернікаў, якія ў тыя цяжкія часы не толькі не страцілі веру, але змаглі яе перадаць сваім дзецям і наступным пакаленням. Мы ведаем пра шматлікія факты гераічнай абароны святыняў, пра захаванне святых рэчаў, абразоў і рэліквій з зачыненых і разбураных касцёлаў і капліц. Праз свае рэлігійныя перакананні многія маладыя людзі не маглі атрымаць пажаданую адукацыю, іншыя вернікі трацілі пасады, былі звольненыя з працы. У час ваюючага атэізму для чалавека, які адважыўся наведаць святыню маглі паўстаць праблемы ў агульным доступе да звычайных паслугаў сацыяльнай сферы. Цяжка ўзгадаць усіх святароў, якія ў тыя складаныя для веры часы цярпелі пераслед. Як ведаем, адным з іх быў усім нам вядомы святой памяці Кардынал Казімір Свёнтак. Узгадваючы з глыбокай удзячнасцю мужнасць усіх гэтых сведкаў веры мы прыпамінаем словы нашага Пана ў Святым Евангеллі: Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, прызнае і Сын Чалавечы перад Анёламі Божымі… (Лк 12,8). Многіх вернікаў, якія сталіся сведкамі Хрыста ў тыя цяжкія часы ўжо няма сярод нас, але чытаючы гэтыя словы з Евангелля мы маем моцнае перакананне, што ў небе наш Пан узнагародзіў іхнюю веру, нязломную надзею і рашучую адвагу.

У час рэлігійнай адлігі на пачатку 1990-х з’явіліся новыя магчымасці для адраджэння і развіцця Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі. У 1991 годзе па рашэнні Папы Яна Паўла ІІ былі рэарганізаваныя межы Пінскай дыяцэзіі. Такім чынам некаторыя парафіі ўвайшлі ў склад Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а ў склад Пінскай была ўключана тэрыторыя Гомельскай вобласці. Ведаем, што Касцёл на Гомельшчыне увайшоў у цяжкую ноч пераследу за веру намнога раней іншых рэгіёнаў нашай дыяцэзіі. Аднак дзякуючы Божаму Провіду, салідарнасці ўсяго Каталіцкага Касцёла і ахвярнай ды руплівай працы святароў і вернікаў, таксама ў гэтай частцы Пінскай дыяцэзіі было адроджана рэлігійнае жыццё, адбудаваныя святыні, зноў функцыянуюць парафіі.

Нагода святкавання юбілею – гэта час асэнсавання, наколькі вялікай была для нас ласка Пана Бога, і якія незлічоныя дары мы і нашыя продкі ад Яго атрымалі. У адной са сваіх прамоваў Папа Леў XIV сказаў цудоўныя і як жа важныя словы: Вера, наймілейшыя, гэта дар, якім неабходна дзяліцца. Кожны перыяд часу нясе з сабою цяжкасці, супрацівы і выклікі, але таксама і магчымасць узрастаць у даверы і ўменні аддаваць усё ў рукі Бога. (Ватыкан, Прамова 28.07.2025 г). Гледзячы на слаўную і нялёгкую гісторыю нашай Пінскай дыяцэзіі, мы бачым, што ў ёй адлюстроўваюцца гэтыя словы Святога Айца. Нягледзячы на складанасці, з якімі сустракаліся нашыя продкі ў мінулыя часы, заўсёды Божая ласка аказвалася большай і мацнейшай. Пан Бог не перастае шчодра благаслаўляць, падтрымліваць і натхняць. Дзякуючы Яго нябачнай прысутнасці і дзеянню ў сэрцах людзей захоўваецца вера, а хрысціянскія каштоўнасці перадаюцца новаму пакаленню. Кожны час напэўна мае свае цяжкасці, якія неабходна пераадолець, і розныя выклікі, якія мы павінны прыняць. Але, як навучае Святы Айцец, неабходна ўбачыць і карыстацца кожнай добрай магчымасцю, каб даваць сведчанне нашай веры, узрастаць у Божай ласцы, паглыбляць давер да Уваскрослага Хрыста, які нас ніколі не пакідае і вядзе шляхам збаўлення.

У час святкавання юбілейнай даты 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі падзякуем Усемагутнаму Богу за ўсе Яго незлічоныя дары. Узнясём таксама нашую малітву перапрашэння і будзем заклікаць Ягоную Міласэрнаць. Папросім Пана Бога, каб усё тое, што было шчодра пасеена на Божай ніве папярэднімі пакаленнямі вернікаў, узрастала і прыносіла багатыя духоўныя плёны. Трывайма разам у малітве ўдзячнасці і праслаўлення Бога, заклікаючы заступніцтва нябесных апекуноў Пінскай дыяцэзіі: Маці Божай Лагішынскай і Святога Андрэя Баболі.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка


Біскуп Пінскі


Пінск, 7 кастрычніка 2025 г.
2025-10-09 02:18 Дакументы Біскуп Пінскі Юбілей дыяцэзіі Анонсы