АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ў сувязі з завяршэннем служэння ў Пінскай дыяцэзіі ксяндза Януша Пуліта, СМ

Да вернікаў парафій Пружанскага дэканату

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Са смуткам паведамляю, што Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгаднення на далейшае служэнне ў нашых парафіях ксяндза Януша Пуліта, СМ, які на працягу 32 гадоў быў душпастырам парафій у Ружанах і Лыскаве.

Дарагія вернікі! У сувязі з малалікасцю мясцовых святароў і скарачэннем колькасці ксяндзоў fidei donum, якія ў духу веры і хрысціянскай любові да бліжняга прыбылі з іншых краін, каб служыць нашым католікам, Пінскай дыяцэзіі вельмі складана, маючы ў распараджэнні невялікую колькасць мясцовых святароў, забяспечыць усе парафіяльныя супольнасці ад Брэста да Гомеля рэгулярнай душпастырскай апекай. Але, нягледзячы на ўсе складанасці, стараемся не пакінуць вас без духоўнай апекі і падтрымкі.

У сувязі з вымушаным адыходам з нашай дыяцэзіі ксяндза Януша Пуліта, СМ, жадаем падзякаваць яму, што з 39-ці гадоў святарскага шляху больш за 32 гады ён прысвяціў служэнню вернікам на нашай зямлі. Ён самаахвярна адгукнуўся на заклік кардынала Казіміра Свёнтка і настаяцеляў сваёй манаскай кангрэгацыі, і ўключыўся ў жыццё Пінскай дыяцэзіі. За гэты перыяд разам з парафіянамі Ружанаў і Лыскава ён прычыніўся да духоўнага ўзрастання іх супольнасцей.

Дзякую Кангрэгацыі Святога Вінцэнта дэ Поля, якая дазволіла ксяндзу Янушу на працягу 32 гадоў служыць у нашай дыяцэзіі. Дзякую парафіянам у Ружанах і Лыскаве за тое, што стварылі адпаведныя ўмовы для пражывання і служэння святара, за клопат і падтрымку яго ў душпастырскай працы. Дзякую ўсім, хто на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з разуменнем ставіўся і на сваім узроўні падтрымліваў яго служэнне.

Дарагія браты і сёстры! За шматлікія стагоддзі гісторыі Касцёла вашыя парафіяльныя супольнасці перажывалі розныя часы: і росквіту, і складанасцей. Сёння мы перажываем такі перыяд, калі не хапае мясцовых душпастыраў. Молімся аб пакліканнях да святарскага служэння і падтрымліваем нашых семінарыстаў. Шматгадовы пробашч ад’язджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы - біскупы і святары – будзем дапамагаць і падтрымліваць вас, разам трываючы ў духу хрысціянскай веры, надзеі і любові.

Заклікаю ўсіх вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарскага служэння, а таксама прасіць Пана аб усіх неабходных ласках і благаслаўленнях для ксяндза Януша Пуліта, СМ, на далейшае плённае служэнне Богу і людзям.

З пастырскім благаслаўленнем,

Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі


Пінск, 20 жніўня 2026 г.
Дакументы Біскуп Пінскі Анонсы