У Гарадзішчы памаліліся за святароў-мучанікаў Другой сусветнай вайны
7 кастрычніка ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай старадаўняя парафія ў Гарадзішчы каля Баранавічаў адзначыла патранальную ўрачыстасць. Мясцовую супольнасць вернікаў з гэтай нагоды наведаў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які ўзначаліў у парафіяльным касцёле святую Імшу.
Звяртаючыся да ўсіх сабраных на літургіі, Біскуп Антоні падкрэсліў, што супольная малітва ў свята Маці Божай Ружанцовай у гарадзішчанскім касцёле становіцца традыцыйным выразам асаблівай памяці пра ўсіх святароў, якія загінулі ад рук нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.
Мястэчка Гарадзішча з’яўляецца знакавым месцам ушанавання святароў-мучанікаў на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі. У часы Другой сусветнай вайны непадалёку знаходзіўся буйны канцэнтрацыйны лагер смерці нямецкіх нацыстаў “Калдычэва”, дзе была закатаваная вялікая колькасць каталіцкіх святароў, большасць з якіх паходзіла з парафій Пінскай дыяцэзіі. Паводле падлікаў даследчыкаў, у часы вайны быў закатаваны кожны чацвёрты святар дыяцэзіі, гэта больш за 50 духоўных асобаў.
Штогод свята Маці Божай Ружанцовай у Гарадзішчы з’яўляецца не толькі днём ушанавання Найсвяцейшай Панны як Заступніцы мясцовай каталіцкай супольнасці, але таксама днём памяці і малітвы за ўсіх загінулых святароў дыяцэзіі. Яны ў трагічныя часы Другой сусветнай вайны, нягледзячы на смяротныя пагрозы з боку нацыстаў, працягвалі несці душпастырскае служэнне вернікам і загінулі як мучанікі, як ахвярныя сведкі веры і любові да Бога і бліжняга.