Урачыстае віншаванне кс. Паўла Врубеля з гадавінай святарства
8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, парафіяне Катэдры ўрачыста павіншавалі шаноўнага ксяндза Паўла, душпастыра галоўнага касцёла Пінскай дыяцэзіі, з 18-й гадавінай святарскага пасвячэння.
Вернікі адзначылі самаадданае служэнне ксяндза Паўла, яго чуласць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу кожнаму, хто звяртаецца па параду і падтрымку. У віншавальным слове гучала шчырая ўдзячнасць за яго сціпласць, дабрыню і вытрымку, а таксама пажаданні моцнага здароўя, аптымізму і Божага блаславення ў служэнні.
"Мы бязмерна ўдзячны Пану Богу, што паклікаў Вас служыць на Сваю ніву, а Вы выбралі гэтую дарогу і ўпэўнена крочыце па ёй, несяце людзям веру, дабро, спачуванне і галоўнае - слова Божае", - адзначылі вернікі Катэдры.
Парафіяне пажадалі ксяндзу Паўлу, каб ніколі не згасала яго руплівасць у служэнні, палымянасць у малітве і любоў, якой ён шчодра дзеліцца з усімі. Вернікі прасілі Святую Марыю аб апецы і выпрошвалі для ксяндза Паўла патрэбныя ласкі ў свайго Сына, а таксама малілі Бога аб умацаванні ў служэнні і святле Духа Святога.