НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

У Пінску распачаўся V Фестываль арганнай музыкі

25 мая ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі адбылося ўрачыстае адкрыццё V Фестываля арганнай музыкі “Ars magna Organi”. Ужо ў пяты раз велічная пінская базыліка перапаўнялася жадаючымі пачуць акадэмічную музыку ў непаўторнай сакральнай атмасферы ў выкананні паўтары тысячы гукаў “караля інструментаў” – старадаўняга пінскага аргана.

З прывітальным словам на распачацце фестываля да шматлікіх сабраных аматараў музычнага мастацтва звярнуўся Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Пастыр дыяцэзіі адзначыў вялікую ролю кардынала Казіміра Свёнтэка, які ў другой палове ХХ ст. прычыніўся да захавання і рэстаўрацыі знакамітага пінскага аргана, а таксама першым пачаў арганізоўваць канцэрты духоўнай музыкі. Таксама Біскуп Антоні нагадаў сабраным, што сёлетні фестываль мае асаблівае значэнне для каталіцкай супольнасці, якая адзначае Юбілейны Год у Паўсюдным Касцёле і стагоддзе з даты заснавання дыяцэзіі ў Пінску. Біскуп падзякаваў ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення фестываля: шматлікім прыватным асобам, арганізацыям, дзяржаўным органам улады.

З прывітальным словам да сабраных на адкрыццё фестываля звярнуўся кіраўнік справамі Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігар Берасцень, які падкрэсліў важнае значэнне фестываля для развіцця Пінскага рэгіёна і культуры нашай краіны ў цэлым.

Асаблівымі гасцямі сёлетняга адкрыцця фестываля сталі ўдзельнікі знакамітага ансамбля “Камерныя салісты Мінска” пад кіраўніцтвам маэстра Дзмітрыя Зубава. Ансамбль прадставіў музычны праект “Сакральныя кантаты Ё. С. Баха”. Як адзначыў у прывітальным слове мастацкі кіраўнік фестываля Аляксандр Бурдзялёў, спадчына Ёгана Себасцьяна Баха невыпадкова ўзгадваецца асабліва сёлета, калі музычны свет адзначае 340-ую гадавіну з дня нараджэння вялікага кампазітара.

V Фестываль арганнай музыкі “Ars magna Organi” будзе складацца з 68 канцэртаў, якія будуць выкананы на 5 гістарычных арганах Беларусі не толькі ў Пінску, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі, а таксама на адным сучасным аргане і адным электрааргане.

Уся бягучая інфармацыя пра Фестываль – змены ў праграме, фатаграфіі, рэпартажы, афішы, праграмы канцэртаў будзе змешчана ў суполцы Фэйсбука і інстаграм-акаўнце Фестываля ARS MAGNA ORGANI або на старонцы нашага сайта АРГАННАЯ МУЗЫКА.

Уваход на ўсе канцэрты Фестываля вольны.
Падзеі ў Дыяцэзіі