АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на пачатак Адвэнту і новага літургічнага года

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
“Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму!” (Мк 1,3)

Умілаваныя ў Езусе Хрысце святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі, людзі добрай волі!


З Божай ласкі 30 лістапада 2025 года мы разам з Паўсюдным Касцёлам уваходзім у новы літургічны год, які згодна са старажытнай хрысціянскай традыцыяй распачынаецца з перыяду Адвэнту – часу падрыхтоўкі да сустрэчы з нашым Панам – Езусам Хрыстом. Гэтая падрыхтоўка мае падвойнае вымярэнне. З аднаго боку Адвэнт нагадвае нам аб неабходнасці рыхтавацца на сустрэчу з Панам пры Яго паўторным прыйсці ў канцы часоў. З другога ж боку, праверкай гэтай гатоўнасці становіцца нашая гатоўнасць на спатканне з Ім падчас святкавання таямніцы Яго першага прыйсця ў святую ноч Божага Нараджэння.

Перыяд Адвэнту называем часам чакання, напоўненым інтэнсіўнай працай па падрыхтоўцы да сустрэчы з Божым Сынам. Узгадваем тое вялікае чаканне на прыйсце Месіі, якое перажываў выбраны народ у часы Старога Запавету. Па рознаму людзі ўяўлялі сабе першае прышэсце Збавіцеля. Яно адбылося ў цішыні ўбогага пастырскага хлеўчука ў Бэтлееме. Так споўнілася Божае абяцанне. Бэтлеем прынёс радасную вестку, што Пан Бог заўсёды верны свайму слову. Таму мы з радасцю перажываем кожны наш Адвэнт, кожнае чаканне абяцанай Богам ласкі.

Узгадваючы тую радасную сустрэчу з Панам у таямніцы Яго першага прыйсця, падчас Адвэнту задаем сабе пытанне пра нашую асабістую гатоўнасць на паўторную з Ім сустрэчу. Наколькі мы гатовыя? Наколькі з радасцю і надзеяй чакаем на спатканне з абяцаным нам “Эмануэлем” – “Богам з намі”? Адказ на гэтыя і падобныя пытанні залежыць ад таго, ці добра мы разумеем перспектыву, якую прапануе нам Езус Хрыстус. Ён запрашае нас ужо тут у часовым жыцці пачаць падрыхтоўку да шчаслівай вечнай будучыні, каб мы ўжо тут і цяпер у сваім сэрцы і сваім акружэнні з дапамогай Яго ласкі будавалі Божае Валадарства. Разменне гэтай перс пектывы і духоўных заданняў напаўняе нас евангельскай радасцю. Таму мы – хрысціяне – глядзім у будучыню не са страхам, не з трывогай, але з радаснай найдзеяй, спакоем сэрца і даверам да Бога, які ёсць абсалютная Любоў. У гэтым заключаецца галоўнае пасланне Адвэнту для кожнага чалавека.

Асэнсаванне гэтага перыяду чакання ў часы, калі вакол нас так шмат нецярплівасці і няўпэўненасці, паказвае на каштоўнасць правільнага падыходу да дару Адвэнту, які становіцца для нас своеасаблівым духоўным заданнем. Ён вучыць нас уменню дзейснага чакання ў сітуацыях, якія патрабуюць самавырачэння, пераадолення эгаізму ў самых розных яго праяўленнях, здольнасці спраўляцца з узнікаючымі цяжкасцямі ў дарозе. У гэтай падрыхтоўцы на сустрэчу з надыходзячым Панам нам прыходзіцца зноў і зноў перамагаць свае слабасці, каб адкрываць прастору для дзеяння Божай моцы ў нашым жыцці.

Заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, у гэты святы час Адвэнту адкрыць на нова тыя шанцы і дары, якія дае нам Божы Провід. Ужо зусім хутка 28 снежня 2025 года ў Пінскай катэдральнай базыліцы адбудзецца ўрачыстае завяршэнне святога Юбілейнага года, які адзначаем разам з Паўсюдным Касцёлам. Падчас Адвэнту, у які мы цяпер уваходзім, перад намі яшчэ пакуль адкрытыя адпустовыя брамы міласэрнасці ў юбілейных касцёлах нашай дыяцэзіі. Пастараемся ж аднавіць у гэты асаблівы літургічны перыяд нашыя адносіны з Богам і бліжнімі. Напоўнім жа нашае чаканне на сустрэчу з Панам руплівай працай над сабой, каб Сын Божы, прыйшоўшы, сустрэў нас у малітоўным чуванні, з ачышчанымі душамі, паяднаных паміж сабою і поўных гатоўнасці шырока адчыніць дзверы нашаму Збавіцелю.


З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі


Пінск, 25 лістапада 2025 года
2025-11-26 16:25 Дакументы Біскуп Пінскі