НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на новы катэхетычны год 2026/2027

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

“Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога”.

(Мц 28, 19)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Звяртаюся да вас са словамі пастырскага заахвочвання і благаслаўлення на новы навучальны і катэхетычны год, які традыцыйна мы распачынаем у верасні. Уваходзім у гэты час з хрысціянскай радасцю і аптымізмам, бо прымаем яго як Божы дар, дадзены нам дзеля ўзрастання ва ўсім, што добрае і збавеннае. Памятаем, што паглыбленне нашай малітвы, разважанне Божага слова, актыўны і свядомы ўдзел у святых сакрамэнтах і літургічным жыцці Касцёла, шматлікія справы міласэрнасці – усё гэта ў многім залежыць ад узроўню катэхізацыі і клопату пра рэлігійную асвету. Менавіта дзякуючы служэнню катэхетаў і свядомаму пазнанню веры праз актыўны ўдзел у катэхетычных занятках нашае рэлігійнае жыццё становіцца больш глыбокім, асэнсаваным і прыносіць шчодрыя плёны.

На парозе новага катэхетычнага года заахвочваю ўсіх вас да актыўнага ўключэння ў справу паглыблення рэлігійных ведаў і іх перадачы маладому пакаленню вернікаў.

Адначасова узносім да Міласэрнага Пана падзяку за плённы час летняга перыяду – канікулаў і рэкалекцый, разнастайных працаў і адпачынку, пілігрымак і летнікаў, за ўсё, што паслужыла нашаму дабру і ўмацоўвала нас на шляху веры. Дзякуем за кожнага святара, кансэкраваных і свецкіх асобаў, якія нам ахвярна служылі, падтрымлівалі і дапамагалі, ствараючы непаўторную прастору сустрэчы з Езусам Хрыстом. Жадаю ўсім нам, каб новы навучальны і катэхетычны год стаў працягам і ўмацаваннем тых ласкаў, якія мы атрымлівалі ад Бога на працягу летняга перыяду.

Асаблівыя словы ўдзячнасці за ахвярнае служэнне кіруем нашым катэхетам. Іх вялікадушнасць, грунтоўныя рэлігійныя веды, сведчанне жывой веры і малітвы з’яўляюцца бясцэнным дарам для нашых парафіяльных супольнасцей, якія праз удзел у катэхезах яшчэ больш умацоўваюцца ў любові да Бога і бліжняга.

Божы Провід даў Пінскай дыяцэзіі вялікі дар – Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Заахвочваю вернікаў прыходзіць на навучанне ў гэтую касцёльную тэалагічную ўстанову для свецкіх асобаў. Тут вы зможаце паглыбіць свае веды і веру, а таксама распазнаць сваё пакліканне катэхета.

На новы навучальны і катэхетычны год навучэнцам і выкладчыкам жадаю шчодрых дароў Духа Святога і з сэрца ўсіх вас благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі


Пінск, 26.08.2026 г.
Анонсы Дакументы Біскуп Пінскі