АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Біяграфія Святога Айца Льва XIV

Папа Леў XIV (Роберт Фрэнсіс Прэвост) нарадзіўся 14 верасня 1955 года ў Чыкага (ЗША). Яго бацька французка-італьянскага паходжання, працаваў інжынерам, маці – іспанскага паходжання, працавала настаўнікам. Пантыфік мае яшчэ двух братоў.

У юнацтве будучы Папа спачатку скончыў ніжэйшую духоўную семінарыю айцоў аўгустыніянаў, а пасля – універсітэт Вілланова ў Пенсільваніі (ЗША). Атрымаўшы ў 1977 г. дыплом ліцэнзіята па матэматыцы працягваў вучобу ў галіне філасофіі. У тым жа годзе распачаў манаскую фармацыю ў Ордэне аўгустыніянаў у Сант-Луісе. У жніўні 1981 г. прыняў вечныя манаскія абяцанні ў гэтым Ордэне.

Тэалагічную адукацыю атрымаў у Чыкага. У 1978 годзе распачаў вывучэнне кананічнага права ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага ў Рыме. У чэрвені 1982 г. прыняў святарскія пасвячэнні.

У 1984 г. айцец Прэвост увянчаў вучобу ліцэнзіятам па кананічным праве. Працягваючы далей дактаранцкае навучанне, у 1985 г. распачаў служэнне ў місіі аўгустыніянаў у Перу. У 1987 г. абараніў доктарскую дысертацыю і быў прызначаны дырэктарам па справах пакліканняў і місіянерства ў правінцыі айцоў аўгустыніянаў у штаце Ілінойс (ЗША). З 1988 г. па 1999 г. выконваў розныя фармацыйныя функцыі ў Ордэне аўгустыніянаў у Перу. У 1999 г. быў выбраны настаяцелем правінцыі свайго Ордэна ў Чыкага, а ў 2001 г. быў выбраны генеральным настаяцелем аўгустыніянаў з сядзібай у Рыме.

У 2013 г. айцец Роберт Фрэнсіс Прэвост вярнуўся ў родны Чыкага, дзе адказваў за фармацыю братоў у кляштары аўгустыніянаў і выконваў фармацыйныя функцыі ў манаскай правінцыі, якая ахоплівае Сярэдні Захад ЗША.

3 лістапада 2014 г. Папа Францішак прызначыў айца Прэвоста біскупам і апостальскім адміністратарам дыяцэзіі Чыклаё ў Перу. 7 лістапада ён узначаліў дыяцэзію, а 12 снежня, у дзень Маці Божай Гвадэлупскай, атрымаў біскускую кансэкрацыю. Дэвізам біскупа Прэвоста сталі словы “In Illo uno unum” узятыя з каментарыя святога Аўгустына да 127-га псальма: “хоць нас, хрысціянаў, шмат, але ў Хрысце мы адно”. У верасні 2015 г. Яго Эксцэленцыя Прэвост стаў дыяцэзіяльным біскупам у Чыклаё ў Перу.

У 2019 г. Папа Францішак прызначыў біскупа Прэвоста членам Кангрэгацыі па справах духавенства, а праз год – членам Кангрэгацыі па справах біскупаў. У 2020 г. біскуп Прэвост прыняў служэнне апостальскага адміністратара дыяцэзіі Кальяа ў Перу.

У студзені 2023 г. Папа Францішак узнёс яго да годнасці арцыбіскупа, прызначыў старшынём Дыкастэрыі па справах біскупаў і кіраўніком Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. У верасні таго ж года Папа Францішак узнёс арцыбіскупа Прэвоста да годнасці кардынала.

Кардынал Прэвост суправаджаў Папу Францішка ў яго апошніх апостальскіх падарожжах, браў актыўны ўдзел у працы Сінода Біскупаў аб сінадальнасці. У кастрычніку 2023 г. Папа Францішак прызначыў яго членам Дыкастэрыі па справах евангелізацыі, а таксама ўключыў у склад Дыкастэрыі веравучэння, Дыкастэрыі Усходніх Касцёлаў, Дыкастэрыі па справах духавенства, Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, Дыкастэрыі прававых тэкстаў, а таксама Папскай камісіі па справах дзяржавы Ватыкан.

6 лютага 2025 г. Папа Францішак узнёс яго да годнасці кардынала-біскупа. Падчас хваробы Папы Францішка кардынал Прэвост узначальваў агульную ружанцовую малітву на плошчы святога Пятра ў Рыме ў інтэнцыі аздараўлення Пантыфіка.

8 мая 2025 г. кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост быў абраны 267-мым Папам, узяўшы сабе імя Леў XIV. Ён стаў першым Папам аўгустыніянам і другім Папам пасля Францішка, які паходзіць з амерыканскага кантынента, хоць першым Святым Айцом з Паўночнай Амерыкі.

Папа Леў XIV вядомы са свайго папярэдняга служэння місіянерскім духам, адданасцю евангелізацыі, а таксама адміністрацыйнымі здольнасцямі, якія ён праявіў на розных пасадах у Касцёле.
Святы Айцец Ватыкан Дакументы