АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на летні перыяд 2025 года

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі


Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!


Сёлета мы святкуем асаблівы год Звычайнага Юбілею ў Паўсюдным Касцёле, а ў нашай дыяцэзіі – стагоддзе з даты яе заснавання. Папа Францішак булай "Spes Non Confudit” («Надзея не расчаруе»), абвясціў Звычайны Юбілей 2025 года ад нараджэння Хрыста. Ён распачаўся ў вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 2024 г. адкрыццём святых юбілейных брамаў у базыліцы святога Пятра ў Рыме, якія будуць зачыненыя на знак заканчэння Звычайнага Юбілею ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана 6 студзеня 2026 г.

Юбілейны год распачаўся не толькі з адкрыцця адпустовых брамаў вялікіх рымскіх базылік. Святы Айцец на гэты год удзяліў асаблівую ласку, дзякуючы якой у кожным катэдральным касцёле кожнай дыяцэзіі ў свеце адчыніліся падобныя юбілейныя брамы. Больш таго, кожны дыяцэзіяльны біскуп атрымаў благаслаўленне Апостальскай Сталіцы вызначыць іншыя юбілейныя святыні на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі, каб даць магчымасць як мага большай колькасці вернікаў чэрпаць Божыя ласкі з юбілейных адпустаў.

Так з дазволу Апостальскай пенітэнцыярыі ў нашай Пінскай дыяцэзіі былі вызначаныя наступныя юбілейныя адпустовыя касцёлы:

  • Катэдральная базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску,

  • Санктуарый Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся ў Лагішыне,

  • Санктуарый Маці Божай Фацімскай у Баранавічах,

  • Санктуарый Святога Андрэя Баболі ў Іванаве,

  • Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце,

  • Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі,

  • Касцёл Святога Міхала Арханёла ў Мазыры,

  • Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах.

На працягу ўсяго Юбілейнага года адбываюцца шматлікія мерапрыемствы на найвышэйшым узроўні знакавыя для ўсяго Паўсюднага Касцёла. Таксама наш мясцовы Касцёл мае насычаны час юбілейных ўрачыстасцяў, якія яшчэ больш узбагачаюцца перажываннем стагоддзя Пінскай дыяцэзіі. Так на распачацце святкавання сотай гадвіны яе заснавання адбылася ўрачыстасць у Ружанах, падчас якой была здзейснена рэкансэкрацыя гістарычнага касцёла святога Казіміра ў гэтым мястэчку. Наступнымі падзеямі былі ўрачыстасці пасвячэння або рэкансэкрацыі наступных святынь нашай дыяцэзіі: у Брэсце, Мікашэвічах, Драгічыне, Ляхавічах, Гарадцы. У бліжэйшы час падобныя ўрачыстасці чакаюцца ў Бездзежы, Белаазёрску, Пінску і Баранавічах. У жніўні будзем разам дзякаваць Добраму Богу за 200 год з даты кансэкрацыі касцёла ў Новай Мышы, а ў верасні - за 100 год касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах. Кульмінацыйным момантам нашага святкавання будзе 25-ае кастрычніка 2025 года, калі падчас урачыстай святой Імшы ў Пінскай катэдры будзем дзякаваць Пану Богу за сто год нашай дыяцэзіі.

Заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, актыўна наведваць адпустовыя юбілейныя святыні нашай дыяцэзіі, разам удзельнічаць ва ўрачыстасцях з нагоды пасвячэння нашых касцёлаў і малітоўных сустрэч на пілігрымках і фэстах у санктуарыі Маці Божай у Лагішыне і іншых святых месцах. Пан Бог дае нам шматлікія магчымасці ўмацаваць нашу веру, напоўніцца Яго ласкамі і благаслаўленнямі, атрымаць поўны адпуст штодня не толькі для сябе, але таксама для нашых памерлых, якія чакаюць заступніцкай малітоўнай падтрымкі.

Гэты год стаў асаблівым для нас таксама па прычыне адыходу ў вечнасць Святога Айца Францішка. Мы разам у адным духу і супольнай шчырай малітве спадарожнічалі пахаванню Папы Францішка, чувалі ў перыяд sede vacante, чакаючы выбару новага Пантыфіка. Урэшце 8 мая званы ўсіх нашых касцёлаў радасна абвяшчалі абранне новага наступніка святога Пятра – Папы Льва XIV. 18 мая ў дзень урачыстай інаўгурацыі яго пантыфікату мы дзякавалі Божаму Провіду за дар новага бачнага галавы Хрыстовага Касцёла і выпрошвалі ў Бога для яго неабходныя ласкі.

У гэты дзень мы пачулі з вуснаў Папы моцны і поўны любові заклік: “Паглядзіце на Хрыста! Наблізцеся да яго! Прыміце Ягонае слова, якое асвятляе і суцяшае! Пачуйце Яго прапанову любові, каб стацца Ягонай адзінай сям'ёй”. Здаецца, гэтыя словы могуць стаць для нас пэўнай духоўнай праграмай, як на надыходзячы летні час, так і на ўвесь год. Мы будзем мець столькі магчымасцяў сузіраць Хрыста, чуць Ягонае слова і наблізіцца да Яго, як у час летняга адпачынку, захапляючыся хараством прыроды, так і наведваючы разнастайныя святыя месцы. Давайце ж выкарыстаем кожную магчымасць гэтага часу, каб стаць бліжэй Хрыста і, як заахвочвае нас новаабраны Папа, заўсёды заставацца сям’ёй Божых дзяцей.

У гэты Юбілейны год, калі Пінская дыяцэзія адзначае стагоддзе з даты яе заснавання, жадаем аднаўляцца і ўмацоўвацца ў хрысціянскіх цнотах веры, надзеі і любові. Няхай выразам нашага духоўнага ўзрастання стане больш актыўнае наведванне юбілейных святынь. Летні перыяд асабліва гэтаму спрыяе. Узгадаем узнёслы і глыбокі біблійны заклік: “Як мілыя святыні Твае, Пане Магуццяў” (Пс 84,2). Каталіцкі Касцёл адкрывае перад намі надзвычайныя ласкі: магчымасць штодня атрымліваць у юбілейнай святыні поўны адпуст для сваёй душы, а таксама для душы памерлай асобы. Будзем жа карыстацца гэтым прывілеем і ласкай Юбілейнага года. Бо ці можа быць нешта больш важнае за вечнае жыццё і збаўленне? Не будзем жа забывацца пра словы Хрыста: “Якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць?” (Мц 16,26). Таму не забывайма пра нашае пакліканне дзяцей Божых і жаданне Пана прывесці кожную душу да неба.

Умілаваныя! Наведваючы юбілейныя святыні ў розных рэгіёнах Пінскай дыяцэзіі, узгадаем жа ва ўдзячных малітвах да Пана Бога новаабранага Святога Айца Льва XIV, просячы для яго моцы дароў Духа Святога. Памолімся таксама за новапрызначанага Апостальскага Нунцыя – прадстаўніка Святога Айца ў нашай краіне – арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа.

Злучаныя ў малітве за мясцовы і Паўсюдны Касцёл, будзем старацца ісці праз летні перыяд Юбілейнага Года і стагоддзя Пінскай дыяцэзіі карыстаючыся дадзенымі нам шырокімі магчымасці ўзрастання ў веры, мацавацца духам, атрымліваць шчодрыя юбілейныя адпусты для сваёй душы, для душ памерлых і дапамагаць іншым людзям пазнаць і адкрыць духоўнае багацце, веліч і шчодрасць Бога Адзінага ў Найсвяцейшай Тройцы, дзеючага ў Касцёле.

На плённае перажыванне летняга перыяду Юбілейнага Года з сэрца ўсіх благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі


Пінск, 27 мая 2025 г.
Анонсы Біскуп Пінскі Дакументы Юбілей дыяцэзіі