Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка на летні перыяд 2026 года
Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстрыы!
На парозе летняга сезона запрашаю ўсіх вас да арганізацыі традыцыйнага часу адпачынку не толькі для аднаўлення сваіх фізічных, але і духоўных сіл. За апошні год мы сталі ўдзельнікамі, а многія з нас – арганізатарамі, разнастайных духоўных практыкаванняў, спатканняў і ўрачыстасцей. Шмат разоў пры розных нагодах я звяртаўся да вас са словамі ўдзячнасці за ваш клопат пра справы Касцёла і актыўны ўдзел у правядзенні парафіяльных і дыяцэзіяльных духоўных мерапрыемстваў. Цяпер кірую да вас гэтыя словы яшчэ раз у кантэксце заахвочвання да арганізацыі летняга адпачынку,дбаючы аб дары здароўя душы і цела, а таксама з мэтай умацавання адносін з бліжнімі і Панам Богам.
У пераносным сэнсе летні перыяд актыўнага адпачынку, засяроджання ў малітве, медытацыі Божага слова і пагружэннем у хараство прыроды часта называюць унутраным “наладаваннем акамулятараў”. Гэта вельмі трапнае параўнанне. Жадаю вам такога аздараўляльнага адпачынку з Богам, але – не ад Пана Бога. Няхай у гэты перыяд рэгенерацыі сіл кожны з вас знойдзе час на нядзельную святую Імшу. Няхай малітва кожнага з нас стане глыбейшай і напоўніцца новымі сэнсамі.
Заахвочваю вас, каб летні перыяд учыніць часам, калі яшчэ больш адкрываюцца вочы і сэрцы на патрэбы бліжніх. Гэта можа быць наведванне родных і сваякоў, з якімі дагэтуль рэдка сустракаліся. Можна аднавіць сяброўскія сувязі са знаёмымі, з якімі сярод разнастайных спраў мы згубілі кантакты, якія варта падтрымаць. Усё гэта здольнае напоўніць наш летні адпачынак новымі гаючымі моцамі і адносінамі.
Некаторыя з нас могуць уваходзіць у гэты летні перыяд стомленымі, несучы багаж незавершаных жыццёвых клопатаў. Часта прычынай такой стомленасці становяцца шматлікія стрэсавыя сітуацыі, напружанні і хаос у адносінах з Богам і блізкімі асобамі, неспакойнае сумленне. Пагэтаму хачу звярнуцца да вас як да ўмілаваных дзяцей Хрыстовага Касцёла: не пашкадуйце ў гэты летні перыяд часу на тое, каб перажыць духоўную перазагрузку, у чым вельмі добра дапамагае ўдзел у пілігрымках. З дару Божага Провіду маем у нашай дыяцэзіі старажытныя касцёлы, шанаваныя абразы з мінулага, якія з’яўляюцца крыніцамі Божай ласкі і якія наведваюць пілігрымы. Варта вырушыць у паломніцтва, давяраючы Божай міласэрнасці і заступніцтву Маці Божай справы нашых сужанстваў, вымольваючы ў Пана дар шчаслівых сем’яў, а таксама новых пакліканняў да святарскага і манаскага служэння ў нашых парафіях.
Дарагія дыяцэзіяне! Заахвочваю вас асабліва ў гэты перыяд да малітвы аб святарскіх пакліканнях. Дар святароў – гэта пытанне не толькі пра сённяшні дзень, але і пра будучыню нашых парафіяльных супольнасцей. Мы ўсе разам за апошнія 35 гадоў адраджэння Касцёла ў нашай краіне адбудавалі шматлікія святыні. І не перастаем дзякаваць Богу за такую магчымасць. Але як жа важна, каб гэтыя святыні былі напоўненыя гарачымі сэрцамі вернікаў, ахвярных пастыраў і цэлебрацыяй святых сакрамэнтаў. Без святара няма сакрамэнтаў і няма паствы. Таму заахвочваю вас у гэты летні перыяд да руплівай малітвы за святароў і аб новых пакліканнях да святарскага служэння з нашых сем’яў. Таксама заахвочваю падтрымаць малыя парафіяльныя супольнасці, часта на вёсках, якія, можа, не маюць душпастыра не месцы, каб з імі разам памаліцца, дапамагчы ў аднаўленні і ўтрыманні іх касцёлаў. Гэта наш абавязак – быць салідарнымі, удзячнымі і ахвярнымі ў клопаце пра наш сумесны дом, пра нашу агульную сям’ю Хрыстовага Касцёла і Божую справу евангелізацыі, выхавання духоўна моцнага будучага пакалення вернікаў і збаўлення кожнага чалавека.
На плённы час летняга перыяду пілігрымак, духоўнага і фізічнага адпачынку з сэрца ўсіх вас благаслаўляю.