Вялікі Чацвер – гэта дзень, калі Езус Хрыстус устанавіў два сакрамэнты: Эўхарыстыі і Святарства. Таму традыцыйна ў гэты дзень духоўныя асобы аднаўляюць сваю святарскую прысягу і абяцанні, а вернікі віншуюць іх з “прафесійным святам”. Гэты дзень з’яўляецца добрай нагодай, каб выказаць словы ўдзячнасці душпастырам за іх служэнне, за ахвярнасць і поўнае прысвячэнне свайго жыцця справе яднання людзей з Богам.
Падчас святой Імшы Хрызмы ў Пінскай катэдральнай базыліцы ў Вялікі Чацвер мясцовыя парафіяне ад імя ўсіх вернікаў дыяцэзіі павіншавалі сабраных на літургіі біскупаў і святароў з днём устанаўлення сакрамэнту іх пасвячэння. Між іншым былі выказаныя наступныя словы:
Падчас святой Імшы Хрызмы ў Пінскай катэдральнай базыліцы ў Вялікі Чацвер мясцовыя парафіяне ад імя ўсіх вернікаў дыяцэзіі павіншавалі сабраных на літургіі біскупаў і святароў з днём устанаўлення сакрамэнту іх пасвячэння. Між іншым былі выказаныя наступныя словы:
Вашы Эксцэленцыі, найдастойнейшы біскуп Антоній, глыбокапаважаныя біскуп Казімір і архімандрыт Сяргей, шаноўныя святары! Вялікі чацвер - асаблівы час для ўсіх вас, гэта дзень устанаўлення сакрамэнтаў Эўхарыстыі і Святарства. І сёння мы хочам падзякаваць вам за тое, што вы аднойчы адкінулі свой уласны шлях і адгукнуліся на далікатны голас Пана, які паклікаў вас на ахвярнае, але такое патрэбнае служэнне. Святарства - гэта не прафесія, а стыль жыцця, бо Пан Бог з дзясяткаў, нават сотняў тысяч мужчын выбірае тых, каго Сам жадае. Ксёндз - вельмі важная асоба ў жыцці католікаў. Вы з'яўляецеся нашымі сапраўднымі сябрамі, якія заўсёды маюць на нас час, каб паразмаўляць, накіраваць, падтрымаць, даць параду і дапамагчы ўстаць пасля падзення. Але самае галоўнае - вы моліцеся за нас і ведзяце да Неба. Шлях святара не ўсыпаны аксамітнымі кветкамі, а парой цяжкі і цярністы, бо вы служыце людзям, а яны розныя: добразычлівыя, памяркоўныя і, наадварот, зласлівыя, усім не задаволеныя. Але вы знаходзіце паразуменне з усімі. Нізкі паклон за вашу мудрасць, цярплівасць і нястомны клопат пра кожнага верніка.
У гэты дзень просім для вас Божага благаслаўлення і заступніцтва ўсіх святых. Няхай Панна Марыя ўмацоўвае ў штодзённым адказе Богу словам "fiat". Будзьце Святлом Хрыста, адкрывайцеся на дзеянне Духа Святога і кіруйцеся Яго памкненнямі. Жадаем вам заўсёды адчуваць блізкасць і моцную сувязь з Тым, хто паставіў вас на служэнне. Няхай ваш святарскі шлях будзе доўгім, плённым і шчаслівым.
З удзячнасцю і шчырай малітвай, вернікі Пінскай дыяцэзіі.