АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ў сувязі з завяршэннем служэння ў Пінскай дыяцэзіі ксяндза Адама Страчынскага

Да вернікаў парафій у г. Івацэвічы, г. Косава, в. Волька

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!


Са смуткам паведамляю, што Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгаднення на далейшае служэнне ў нашых парафіях ксяндза Адама Страчынскага СМ, які на працягу 11 гадоў быў душпастырам у Івацэвічах, Косаве і Вольцы.

Дарагія вернікі! У сувязі з малалікасцю мясцовых святароў і скарачэннем колькасці ксяндзоў fidei donum, якія ласкава прыбылі з іншых краін, каб служыць нашым католікам, Пінскай дыяцэзіі вельмі складана забяспечыць усе парафіяльныя супольнасці рэгулярнай душпастырскай апекай. Але, нягледзячы на ўсе складанасці, стараемся не пакінуць вас без духоўнай апекі і падтрымкі.

У сувязі з вымушаным адыходам з нашай дыяцэзіі ксяндза Адама Страчынскага СМ,жадаем падзякаваць яму, што з 28-мі гадоў святарскага шляху больш за дзесяць гадоў ён прысвяціў служэнню вернікам на нашай зямлі. Ён самаахвярна адгукнуўся на заклік біскупа і настаяцеляў сваёй манаскай кангрэгацыі, і ўключыўся ў жыццё Пінскай дыяцэзіі.За гэты перыяд разам з парафіянамі Івацэвічаў, Косава і Волькі ён прычыніўся да духоўнага ўзрастання іх супольнасцей.

Дзякую Кангрэгацыі Святога Вінцэнта дэ Поля, якая дазволіла ксяндзу Адаму на працягу 11 гадоў служыць у нашай дыяцэзіі. Дзякую парафіянам у Івацэвічах, Косаве і Вольцы за тое, што стварылі адпаведныя ўмовы для пражывання і служэння святара, за клопат і падтрымку яго ў душпастырскай працы. Дзякую ўсім, хто на працягу многіх гадоў з разуменнем ставіўся і на сваім узроўні падтрымліваў яго служэнне.

Дарагія браты і сёстры! На працягу шматлікіх стагоддзяў вашыя парафіяльныя супольнасці перажывалі розныя часы: і росквіту, і складанасцей. Сёння мы перажываем такі перыяд, калі не хапае мясцовых душпастыраў. Молімся аб пакліканнях да святарскага служэння і падтрымліваем нашых семінарыстаў. Шматгадовы пробашч ад’язджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы - біскупы і святары – будзем дапамагаць і падтрымліваць вас, разам трываючы ў вялікапосным чуванні і рыхтуючыся да святаў Хрыстовай Пасхі.

Заклікаю ўсіх вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарскага служэння, а таксама прасіць Пана аб усіх неабходных ласках і благаслаўленнях для ксяндза Адама Страчынскага СМ на далейшае плённае служэнне Богу і людзям.

З пастырскім благаслаўленнем,

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 6 сакавіка 2026 г.
2026-03-06 16:48 Дакументы Біскуп Пінскі