НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

У Іванаве вернікі павіншуюць Біскупа Казіміра Велікасельца з Днём нараджэння

17 мая ў Іванаве падчас урачыстасцей у гонар святога Андрэя Баболі, нябеснага заступніка Пінскай дыяцэзіі, вернікі будуць мець магчымасць павінашаваць з 80-тым Днём нараджэння найстарэйшага беларускага іерарха Біскупа Казіміра Велікасельца ОР.

Біскуп Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 г. ў в. Стараволя на Пружаншчыне. Пасля заканчэння Рыжскай духоўнай семінарыі ў 1984 г. прыняў святарскія пасвячэнні з рук кардынала Юліяна Вайвадса. Служыў у парафіях у Ішкалдзі, Юшкавічах, Гарадзішчы, Сталовічах, Паланечцы, Новым Свержні, Гарадзеі, Карэлічах, Міры, Ганцавічах, Лясной, Лунінцы, Баранавічах.

У 1999 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў ксяндза Казіміра дапаможным біскупам Пінскім. Біскупскае пасвячэнне 24 чэрвеня таго ж года яму ўдзяліў кардынал Казімір Свёнтэк у Пінскай катэдральнай базыліцы. Падчас біскупскага служэння ён працягваў апекавацца шматлікімі супольнасцямі вернікаў, асабліва ў Пінску, Століне, Баранавічах, Брэсце, Маларыце.

З 2012 г. Біскуп Казімір Велікаселец служыць у Гомелі, каардынуе душпастырства ў гэтай частцы Пінскай дыяцэзіі. Асабліва падтрымлівае адроджаную парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі ў яе стараннях узнесці новую парафіяльную святыню замест страчанай у часы атэізма. Найстарэйшы іерарх пашырае сярод вернікаў пашану да Маці Божай у Яе Гомельскай выяве, якая захоўваецца ў капліцы ўзгаданай парафіі.

У 2024 г. Папа Францішак задаволіў прашэнне Біскупа Казіміра аб выхадзе на пенсію. Нягледзячы на заканчэнне паўнамоцтваў дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі, іерарх працягвае актыўна служыць вернікам, наведваць парафіі, асабліва апякуючыся новым касцёлам у Гомелі.

Падчас сёлетняга майскага фэсту ў Іванаве шматлікія вернікі з розных парафій змогуць сустрэцца з Біскупам Казімірам, каб асабіста яго павіншаваць з 80-годдзем, падтрымаць малітвай і прасіць апекі святога Андрэя Баболі – Апостала Палесся - на далейшыя плённыя гады служэння гэтага адданага пастыра Хрыстоваму Касцёлу ў Беларусі.
2025-05-13 23:10 Анонсы Падзеі ў Дыяцэзіі