НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

15 чэрвеня – Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

У нядзелю пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога Каталіцкі Касцёл ушаноўвае таямніцу Бога Адзінага ў Найсвяцейшай Тройцы: Айца, Сына і Духа Святога. У бягучым годзе гэтая нядзеля прыпадае на 15 чэрвеня. Увянчанне пасхальнага перыяду аб’яўленнем усіх Трох Асобаў Бога становіцца нагодай да задумы над глыбіннай сутнасцю хрысціянскай веры, а таксама праўды пра тое, кім ёсць Бог і для чаго Ён адкрыў нам – людзям – таямніцу Свайго Трыадзінства.

У Пінскай дыяцэзіі многія касцёлы, якія вернікі будавалі на працягу стагоддзяў, узносіліся пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У сувязі з гэтым сёлета 15 чэрвеня адпустовыя фэсты з нагоды тытулярнай урачыстасці адзначаюць парафіі ў наступных мясцовасцях на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі: у г. Рэчыца, г. Калінкавічы, г. Бяроза, г. Высокае і в. Воўчын (Камянецкі р-н), г. Косава (Івацэвіцкі р-н), г.п. Ружаны, в. Шарашова і в. Лыскава (Пружанскі р-н), в. Бедзеж (Драгічынскі р-н), в. Чарнаўчыцы (Брэсцкі р-н), в. Ішкалдзь і в. Юшкавічы (Баранавіцкі р-н).
2025-06-14 15:19 Падзеі ў Дыяцэзіі