АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Пінская дыяцэзія вітае новапрызначанага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі

Вернікі Пінскай дыяцэзіі разам са сваімі біскупамі падзяляюць радасць усёй каталіцкай Беларусі ў сувязі з прызначэннем у нашую краіну высокадастойнага Легата Святога Айца.

Сёння, 25 сакавіка, ва Урачыстасць Звеставання Панскага, Святы Айцец Папа Францішак прызначыў Мансіньёра ІНЬЯЦЫЁ ЧЭФФАЛІА (Ignazio Ceffalia), Апостальскім Нунцыем у Рэспубліцы Беларусь, з адначасовым прызначэннем на тытулярную сталіцу Фіарэнтына з тытулам арцыбіскупа.

Мансіньёр Іньяцыё Чэффаліа нарадзіўся 28 красавіка 1975 г. ў горадзе Палерма ў Італіі. Атрымаў святарскае пасвячэнне 6 жніўня 2003 года; інкардынаваны ў дыяцэзію П'яна-дэльі-Альбанезі. Распачаў дыпламатычную службу ў Святым Пасадзе 1 ліпеня 2006 года; працаваў у Эквадоры, Тайландзе, Пастаянным Прадстаўніцтве Святога Пасаду пры Савеце Еўропы (Страсбург), у Секцыі адносін з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыята Святога Пасаду, у Венесуэле. Валодае італьянскай, албанскай, французскай, англійскай, іспанскай мовамі.

Шчыра дзякуем Яго Святасці Папе Францішку за айцоўскі клопат і памяць аб Беларусі і даручаем апостальскае служэнне арцыбіскупа наміната Іньяцыё Чэффаліа апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, праслаўленай у Лагішынскім абразе, і святога мучаніка Андрэя Баболі.
Падзеі ў Дыяцэзіі Дакументы