АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікі Пост 2026 года

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы,

умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, людзі добрай волі!


Літургічны перыяд Вялікага Посту нагадвае нам аб прысутнасці Бога ў нашым жыцці і дапамагае глыбей пазнаць саміх сябе. Пабожныя практыкі гэтага часу духоўнага абнаўлення і працы над сабой даюць нам магчымасць адказаць на галоўныя пытанні: хто мы, для чаго і для каго жывем? Ідучы рытмам перыядаў літургічнага года, у Вялікім Посце з асаблівай моцай знаходзім адказы на фундаментальныя пытанні пра нашае існаванне і веру. Гэты час ласкі нагадвае, што Бог любіць кожнага чалавека і робіць усё, каб нас выратваць ад зла і збавіць, аднавіць у нас годнасць Божых дзяцей. Для нас раскрываецца вялікая праўда пра адкупленне свету і каштоўнасць кожнай асобы. “Хто такі чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і кім ёсць сын чалавечы, што Ты клапоцішся пра яго?” (Пс 8,5). Гэтае пытанне пастаўленае аўтарам кнігі Псальмаў гучыць як лейтматыў ва ўсіх пакутных набажэнствах ад імя кожнага з нас. Хто я перад Богам? Але і хто я для Бога? Да адкрывання адказаў на гэтыя птыанні заахвочвае нас задума і духоўныя практыкі Вялікага Посту.

Ведаем, як па-рознаму людзі адказваюць на пытанні пра сэнс свайго жыцця. Ужо біблійны Адам, паддаўшыся спакусе злога і ўпаўшы ў бездань граху, пачаў хавацца ад Бога. Святы Аўгустын вельмі красамоўна ў сваёй кнізе “Споведзь” апісвае, як ён сам у маладосці ўцякаў ад Бога. Але, як чытаем на старонках Святога Пісання, Пану Богу належыць апошняе слова ў кожнай гісторыі. Ён заўсёды крочыць па жыцці разам з чалавекам і не перастае прапаноўваць яму шлях збаўлення. Толькі Бог можа па-сапраўднаму даць вычарпальны адказ на самыя глыбінныя пошукі і прагненні нашага сэрца.

Віры сучаснай масавай культуры часта закручваюць людзей у кругазварот зацыкленасці на прамінальных зямных патрэбах. У цэнтры думак і памкненняў становіцца пагоня за здабываннем нейкіх матэрыяльных поспехаў. Усё гэта пачынае нагадваць тыя ўцёкі біблійнага Адама ад Пана Бога ў ілюзію эгаістычнага самасцвярджэння. Але рэаліі жыцця вяртаюць нас у рэчаіснасць. Праўда пра Муку, смерць і Ўваскрасенне Божага Сына усведамляюць, што насамрэч мае прыярытэтнае значэнне: не загубіць душу сваю. Езус Хрыстус адкрывае перад намі вялікую і выразную надзею на тое, што мы можам дасягнуць Божага Валадарства, вызваліцца ад грахоў і атрымаць радасць вечнага жыцця ў небе.

Перпектыва Пасхі можа змяніць наш падыход да штодзённых клопатаў, а найбольш яе значэнне праяўляецца ў драматычных і балючых момантах нашага жыцця. Удзел у духоўных пакутных практыках Вялікага Посту, такіх як Крыжовы Шлях ці Песні Жальбы, дапамагае нам усвядоміць тое найпрасцейшае, але найпаўнейшае імя Бога, якое адкрыў святы апостал Ян – верны вучань Хрыста: Бог ёсць любоў. Ён не перастае з любоўю клапаціцца аб збаўленні кожнага чалавека.

Дарагія браты і сёстры, жадаю ўсім вам актыўна ўключыцца ў духоўны рытм Вялікага Посту, каб праз удзел у пакутных практыках і набажэнствах адкрываць глыбіню бязмежнай Божай любові. За нашымі плячыма застаўся мінулы 2025 год, калі мы Святкавалі Юбілейны год у Паўсюдным Касцёле і дзякавалі Пану за сто год Пінскай дыяцэзіі. Сёлета жадаем дзякаваць Божаму Провіду за трыццаць пяць гадоў адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і прызначэння першых біскупаў у нашай краіне пасля часоў атэізму. Асабліва дзякуем Пану за дар асобы і служэння кардынала Казіміра Свёнтка, а таксама - святой памяці біскупа Казіміра Велікасельца, які на працягу 42 гадоў свайго пастырскага служэння будаваў Божае Валадарства на нашай зямлі.

Няхай святы перыяд Вялікага Посту стане для нас часам задумы і падзякі Пану Богу за ўсе Яго дары, за дар кожнай асобы, якая дапамагае нам нястомна крочыць па шляху збаўлення. А нашыя папярэднікі на гэтай дарозе веры і надзеі няхай сваім прыкладам і нябесным заступніцтвам дапамогуць усім нам прыйсці на радасную сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом.

На плённае перажыванне Вялікага Посту з сэрца благаслаўляю,

+ Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі


Пінск, 20 лютага 2026 г.
Біскуп Пінскі Дакументы