АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на III нядзелю Вялікага посту 2026 г. (нядзеля «Карытас»)

«Касцёл, калі хоча належаць Хрысту, павінен быць Касцёлам благаслаўленняў, Касцёлам, які дае месца малым і крочыць як убогі з убогімі, месцам, дзе яны маюць прывілеяванае становішча»

Папа Леў XІV




Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!


Традыцыйна III нядзеля Вялікага посту, у Каталіцкім Касцёле Беларусі адзначаецца як Нацыянальны дзень «Карытас». З гэтай нагоды Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, як

і штогод, скіроўвае сваё пасланне да вернікаў, перадусім выказваючы падзяку ўсім тым, хто сваёй малітваю, служэннем, ахвярамі і справамі міласэрнасці прычыняецца да справы падтрымкі і дапамогі найбольш патрабуючым нашым братам і сёстрам.

У Божым слове, якое чуем у гэтую нядзелю, выразна гучыць заклік патрабуючага чалавека: «Дай мне піць», скіраваны да Бога. Гэта заклік, які адлюстроўвае найглыбейшую прагу людской натуры, якая паводле словаў св. Аўгустына не знойдзе спакою, пакуль не спачне ў Богу. Але першчым сэрца чалавека зможа адкрыцца на Бога і Яго праўду, яно патрабуе заспакоіць неабходныя жыццёвыя патрэбы. У выпадку людзей з абмежаванымі магчымасцямі, хворых, састарэлых, інвалідаў, малазабяспечаных сем'яў гэтай справе служыць, між іншым, дабрачыннасць, якую Касцёл рэалізуе праз добра вядомую нам структуру «Карытас». Аднак, дзейнасць гэтай арганізацыі — гэта не справа толькі некалькі вызначаных да гэтага чалавек. Гэта агульная місія Касцёла, а таму і кожнага з нас.

95 псальм, якім молімся ў сённяшняй літургіі, заклікае: «Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя!»Гэты заклік датычыць не толькі даверу да Бога, але і адкрытасці на патрэбы бліжняга.

У Апостальскай Адгартацыі Dilexi te («Я палюбіў цябе») Папа Леў XІV прыводзіць выказванне Доктара ласкі — св. Аўгустына, якое ён уклаў у вусны Пана: «Я атрымаў зямлю, дам неба; атрымаў часовыя даброты, аддам вечныя даброты, атрымаў хлеб, аддам сваё жыццё... Мяне гасцінна прынялі ў доме, але Я дам дом; Мяне наведалі ў хваробе, але Я дам здароўе; прыйшлі да Мяне ў вязніцы, але Я дам свабоду. Хлеб, які далі маім убогім, ужо спажыты,

а хлеб, які Я дам, не толькі насыціць вас, але ніколі не скончыцца» (DT, 45).

І далей Папа кажа: «Усемагутны не дазваляе пераўзысці сябе ў шчодрасці да тых, хто служыць Яму ў найбольш патрабуючых: чым большая любоў да бедных, тым большая ўзнагарода ад Бога» (DT, 45). Пацвярджэнне таму зноў жа знаходзім у сённяшніх літургічных чытаннях, дзе Бог не толькі заспакойвае прагу габрэяў у пустыні, але разам з дарам Святога Духа «...даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі» (Рым 5,8).

Яскравым прыкладам служэння ўбогім, ажно да атаясамлення з імі, у гісторыі Касцёла служыць асоба святога Францішка з Асізі. Сёлета прыпадае васьмісотгадовы юбілей яго адыходу

ў вечнасць. З гэтай нагоды Папа Леў XІV абвясціў 2026 год годам святога Францішка. Ва ўзгаданай вышэй Адгартацыі Папа кажа пра святога з Асізі: «Прыняўшы ўбоства, ён хацеў наследаваць Хрыста ўбогага, голага і ўкрыжаванага... Францішак заснаваў не арганізацыю сацыяльнага абслугоўвання, а евангельскую братэрскую супольнасць. У бедных ён бачыў братоў і жывыя вобразы Пана. Ягонай місіяй было прабыванне з імі з-за салідарнасці, якая пераадольвала адлегласці, з-за любові, якая ўмела спачуваць. Убоства Францішка — гэта неад’емная частка адносінаў: яно падштурхоўвала яго стаць бліжнім, роўным, нават меншым. Яго святасць вырасла з пераканання, што па-сапраўднаму прыняць Хрыста можна толькі праз шчодрае прысвячэнне сябе братам» (DT, 64).

Таму ў асобе святога Францішка мы і сёння маем вымоўны і актуальны прыклад служэння і святасці, здольнай супрацьстаяць выклікам і сапсаванасці сучаснага свету. Юбілей — гэта час надзеі, прызначаны дапамагчы людскому сэрцу здабыцца на прабачэнне і міласэрнасць, а грамадству — убачыць перспектыву іншага, больш справядлівага размеркавання багаццяў.

Дзейнасць дабрачыннай арганізацыі «Карытас» ахоплівае ўсіх людзей, якім патрэбна дапамога, незалежна ад іх паходжання і канфесіі. У гэтым яна імкнецца найлепшым чынамрэалізаваць заклік Хрыста: «..тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25.40). Час Вялікага посту —гэта добрая нагода, каб яшчэ раз прыняць гэтыя словы блізка да сэрца. Абяцаючы застацца з намі «ва ўсе дні, аж да сканчэння веку»(пар. Мц 28, 20), Езус застаецца з намі асаблівым чынам у людзях церпячых, самотных і пакутуючых. Спрабуйма адкрываць для сябе гэтую прысутнасць і служыць у такіх людзях Пану.

Сёння «Карытас» выказвае шчырую падзяку ўсім неабыякавым людзям, усім тым, хто сваёй малітваю, служэннем і ахвярнасцю прычыняецца да справы міласэрнасці ў Касцёле

і заклікае вас, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі, фармаваць свае сэрцы для служэння, напаўняючы іх самаахвярнай любоўю.

Словы шчырай удзячнасці кіруем таксама ўсім кіраўнікам і супрацоўнікам «Карытас»Беларусі, як Нацыянальнага, так і дыяцэзіяльных «Карытас» нашага Касцёла, святарам

і свецкім асобам. Немагчыма зараз ахапіць адным позіркам усёй працы, здзейсненых

і трываючых праектаў, за якімі стаіць самаадданая і ахвярная праца людзей, якія відам сваёй дзейнасці абралі Міласэрнасць. Дзякуючы за іх служэнне, праз якое Касцёл і сёння выконвае сваю місію абвяшчэння Хрыста праз дапамогу бедным і пакрыўджаным, жадаем ім няспыннага паглыблення асабістай сувязі з нашым Збаўцам, які «не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мц 20,28).

Няхай час Вялікага посту адновіць нашыя сэрцы і ўчыніць іх чулымі на патрэбы бліжняга чалавека, каб Велікодныя святы мы маглі сустрэць як адна вялікая сям’я, у якой ніхто не адчувае сябе адкінутым і самотным, але прынятым і адораным надзеяй на Уваскрасенне.

З пажаданнем плённага часу Вялікага посту,

а таксама актыўнага ўдзелу ў справах міласэрнасці ад усяго сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Дакументы