НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

18 мая – Інаўгурацыя Пантыфікату Папы Льва XIV

18 мая на плошчы святога Пятра ў Рыме на Ватыкане адбудзецца ўрачыстая інаўгурацыя Пантыфікату Святога Айца Льва XIV. Сімвалічна, што гэтая падзея супадае са 105 гадавінай нараджэння святога Яна Паўла ІІ – першага славянскага Папы.

Урачыстасць распачнецца з прывітання Святога Айца з вернікамі сабранымі на ватыканскай плошчы ў Рыме. Пазней Пантыфік у суправаджэнні патрыярхаў і арцыбіскупаў Усходніх Касцёлаў пройдзе ў цішыні ў канфесію святога Пятра (да грабніцы апостала ў падземнай крыпце), якая знаходзіцца пад галоўным алтаром вытыканскай базылікі. Супольная працэсія і малітва усходніх патрыярхаў з Папам пры канфесіі святога Пятра з’яўляецца знакам адзінства Касцёла ў розных абрадах.

Пасля гэтай малітвы на плошчы святога Пятра перад ватыканскай базылікай Папа будзе цэлебраваць святую Імшу. У сувязі з тым, што Святы Айцец мае двайное грамадзянства (перуанскае і амерыканскае), чытанні падчас Літургіі Слова будуць прачытаныя адпаведна на іспанскай і англійскай мовах. Псальм прагучыць па-італьянску, а Евангелле – на лаціне і па-грэцку. Гэта будзе знак адзінства лацінскай і ўсходняй традыцыі ў Касцёле, дзе бачным галавой з’яўляецца Рымскі Пантыфік.

Пасля пракламацыі Евангелля кардынал-дыякан прачытае адпаведную малітву. На плечы Папы будзе ўскладзены палій – спецыяльны лтургічны атрыбут яго пастырскага служэння, пазначаны сімвалічнымі крыжамі, якія сімвалізуюць Хрыстовыя раны. Ад часоў пантыфікату святога Яна Паўла ІІ накладанне палія замяніла ранейшы абрад ускладання на галаву Святога Айца папскай тыяры. Таму гэтая літургія ў наш час называецца не “інтранізацыяй”, а “інаўгурацыяй”.

Пасля накладання палія кардынал-прэзбітэр прачытае малітву за новага Папу, каб Бог умоцоўваў яго ў здзяйсненні пастырскай місіі. Затым кардынал-біскуп уручыць Папе Льву XIV “персцень Рыбака”. Гэта афіцыйны знак лучнасці Пантыфіка са святым Пятром, якога Хрыстус паклікаў стаць “рыбаком людзей”.

Наступным этапам інаўгурацыйнай літургіі будзе складанне прысягі паслухмянасці Святому Айцу. Гэты акт ад імя ўсяго Касцёла здзейсняць прадстаўнікі вернікаў – Божага народу. Затым Папа звернецца да сабраных са словамі гаміліі. Далей будзе ўзнесена да Бога Агульная малітва верных за розныя станы Касцёла і ў розных патрэбах, якая традыцыйна прагучыць на некалькіх мовах (чакаецца, што яна будзе пракламавацца на партугальскай, французскай, арабскай, польскай і кітайскай мовах). Пасля гэтага традыцыйна адбудзецца Эўхарыстычная літургія, абрад Святой Камуніі і благаслаўленне.

Пасля заканчэння ўрачыстай святой Імшы Папа Леў XIV вернецца ў ватыканскую базыліку, дзе пры канфесіі святога Пятра адбудзецца яго сустрэча з афіцыйнымі дэлегацыямі прадстаўнікоў уладаў розных краін свету.

Урачыстасць інаўгурацыі Пантыфікату Льва XIV з’яўляецца асаблівым днём малітвы аб усіх неабходных Божых ласках для Святога Айца, каб Дух Святы няспынна ўмацоўваў і вёў яго на шляху здзяйснення найвышэйшага пастырскага служэння Богу і людзям.
Святы Айцец Ватыкан Анонсы