Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ў сувязі з завяршэннем служэння ў Пінскай дыяцэзіі ксяндза Паўла Кручэка
Да вернікаў парафій у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Са смуткам паведамляю, што Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгаднення на далейшае служэнне ў нашых парафіях ксяндза Паўла Кручэка, які на працягу 13 гадоў быў душпастырам у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы.
Дарагія вернікі! У сувязі з малалікасцю мясцовых святароў і скарачэннем колькасці ксяндзоў fidei donum, якія ласкава прыбылі з іншых краін, каб служыць нашым католікам, Пінскай дыяцэзіі вельмі складана забяспечыць усе парафіяльныя супольнасці рэгулярнай душпастырскай апекай. Але, нягледзячы на ўсе складанасці, стараемся не пакінуць вас без духоўнай апекі і падтрымкі.
У сувязі з вымушаным адыходам з нашай дыяцэзіі ксяндза Паўла Кручэка, жадаем падзякаваць яму за амаль 20-ць гадоў служэння ў нашай краіне. У свае маладыя святарскія гады ён самаахвярна адгукнуўся на заклік біскупаў і ўключыўся ў жыццё Касцёла на Беларусі, служачы спачатку ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а на працягу апошніх 13-ці гадоў – у Пінскай дыяцэзіі. За гэты перыяд разам з парафіянамі Іванава, Драгічына і Бедзежа яму ўдалося ажыццявіць шмат духоўных і матэрыяльных Божых спраў, сярод якіх варта зазначыць развіццё дыяцэзіяльнага санктуарыя святога Андрэя Баболі ў Іванаве, пабудову новай святыні замест разбуранай у часы атэізма ў Драгічыне, рамонт касцёла ў Бездзежы.
Дзякую Лудзкай архідыяцэзіі, якая дазволіла ксяндзу Паўлу на працягу двух дзесяцігоддзяў служыць вернікам на нашай зямлі. Дзякую парафіянам у Іванаве, Драгічыне і Бедзежы за тое, што стварылі адпаведныя ўмовы для пражывання і служэння святара, за клопат і падтрымку яго ў душпастырскай працы. Дзякую ўсім, хто на працягу многіх гадоў з разуменнем ставіўся і на сваім узроўні падтрымліваў яго служэнне.
Дарагія браты і сёстры! На працягу шматлікіх стагоддзяў вашыя парафіяльныя супольнасці перажывалі розныя часы: і росквіту, і складанасцей. Сёння мы перажываем такі перыяд, калі не хапае мясцовых душпастыраў. Молімся аб пакліканнях да святарскага служэння і падтрымліваем нашых семінарыстаў. Ваш шматгадовы пробашч ад’язджае з вашых парафіі не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы - біскупы і святары – будзем дапамагаць і падтрымліваць вас, разам трываючы ў вялікапосным чуванні ірыхтуючыся да святаў Хрыстовай Пасхі.
Заклікаю ўсіх вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарскага служэння, а таксама прасіць Пана аб усіх неабходных ласках і благаслаўленнях для ксяндза Паўла Кручэка на далейшае плённае служэнне Богу і людзям.
З пастырскім благаслаўленнем, Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі