НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

У Баранавічах адбудзецца пасвячэнне касцёла Божай Міласэрнасці

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

з нагоды пасвячэння касцёла Божай Міласэрнасці ў Баранавічах

Да вернікаў Баранавіцкага, Навамышскага і Ляхавіцкага дэканатаў Пінскай дыяцэзіі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы,

умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, людзі добрай волі!

У Святы Юбілейны год у Паўсюдным Касцёле, калі Пінская дыяцэзія адзначае сотую гадавіну з даты яе заснавання, разам з супольнасцю вернікаў парафіі Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай у г. Баранавічы жадаю запрасіць усіх вас у суботу 15 лістапада на 12.00 гадзіну на радасную ўрачыстасць пасвячэння касцёла Божай Міласэрнасці ў мікрараёне Тэкстыльны ў гэтым горадзе (святыня знаходзіцца па вул. Тэкстыльнай, 28).

Дзякуем Усемагутнаму Богу за тое, што ў вігілію свята Маці Божай Вастрабрамскай адбудзецца гэтае пасвячэнне. Гісторыя Касцёла на Баранавіцкай зямлі вельмі звязана з ушанаваннем Найсвяцейшай Панны Марыі і Божай Міласэрнасці. Незлічоныя ласкі Пана атрымліваюць вернікі молячыся перад цудоўным вобразам Маці Божай Бялыніцкай у Новай Мышы, а таксама ў Фацімскім санктуарыі Найсвяцейшай Панны ў Баранавічах.

Гэты горад моцна звязаны з вялікімі пастырамі нашай дыяцэзіі, якія ўсім сваім жыццём сведчылі аб дзеянні Божай Міласэрнасці ў душах людзей. Слуга Божы Біскуп Зыгмунт Лазінскі як толькі ўзначаліў новаствораную Пінскую дыяцэзію ў 1925 годзе, паклапаціўся, каб у гэтым, тады яшчэ зусім маладым гарадку, быў пасвячаны касцёл Узвышэння Святога Крыжа, які пазней стаў маці ўсіх святынь горада, крыніцай Божай ласкі для шматлікіх вернікаў у часы атэізма, а сёлета адзначае сваю сотую гадавіну. Тэрыторыя цяперашняй парафіі ў мікрараёне Тэкстыльны сягае той часткі Баранавічаў, дзе сто год таму стаяла капліца Маці Божай, у якой маліўся як малы хлопец, узрастаў у веры і пакліканні пазнейшы кардынал Казімір Свёнтэк. Гэты вялікі пастыр Касцёла меў асаблівую пашану да Найсвяцейшай Панны менавіта як Маці Божай Міласэрнасці і стараўся пашыраць яе культ у сваім плённым душпастырскім служэнні. Дзякуючы яго старанням у Пінскай катэдральнай базыліцы паўстала капліца Вастрабрамскай Панны.

Сёння мы становімся сведкамі таго, што духоўныя намаганні кардынала Казіміра Свёнтэка здзейсніліся ў горадзе, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Адсюль пасля ночы атэізма вырушыла першая пілігрымка да Маці Божай Міласэрнай. А цяпер дзякуючы руплівасці мясцовых вернікаў на чале з пробашчам ксяндзом Паўлам Рудзьманам, дзякуючы разуменню патрэб католікаў з боку дзяржаўных уладаў і пры падтрымцы шматлікіх ахвярадаўцаў замест разбуранай у мінулым святыні збудаваны прыгожы касцёл Божай Міласэрнасці.

Запрашаю святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на радасную ўрачыстасць пасвячэння новага парафіяльнага касцёла ў мікрараёне Тэкстыльны ў Баранавічах. Няхай праз гэты малітоўны акт аддання святыні ў выключнае служэнне Богу 15 лістапада а 12.00 гадзіне стане сапраўдным духоўным святам, якое асабліва згуртуе ўсіх вернікаў пражываючых на тэрыторыі Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў.

У Юбілейны 2025 год, адзначаючы стагоддзе Пінскай дыяцэзіі, падтрымаем нашай малітвай і прысутнасцю радасную ўрачыстасць пасвячэння касцёла Божай Міласэрнасці ў Баранавічах.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі


Пінск, 5 лістапада 2025 г.
2025-11-07 16:24 Анонсы Дакументы Біскуп Пінскі