НАВІНЫ ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Біскуп Казімір Велікаселец асвяціў у Лагішыне новы арган

26 ліпеня ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі, у санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне адбылося асвячэнне новаўсталяванага аргана.

Асвячэнне аргана здзейсніў біскуп эмерыт Казімір Велікаселец. З прывітальным словам на пачатку гэтай знакавай падзеі звярнуўся да ўсіх сабраных ксёндз Андрэй Шут, кусташ санктуарыя і пробашч мясцовай парафіі. Святар падзякаваў біскупу Казіміру за тое, што менавіта дзякуючы яго старанням лагішынская святыня атрымала такі прыгожы і велічны інструмент. Таксама ксёндз Андрэй выразіў словы ўдзячнасці вернікам, якія працавалі над падрыхтоўкай святыні і ўсталяваннем аргана. Вялікі ўнёсак у гэтую справу зрабіў мастацкі кіраўнік фестываля “Ars Magna Organi” спадар Аляксандр Бурдзялёў.

З прывітальным словам да сабраных у касцёле шматлікіх вернікаў і гасцей звярнуўся намеснік старшыні Пінскага райвыканкама Дзмітрый Георгіевіч Палхоўскі, які падкрэсліў вялікае значэнне духоўнасці і сакральнай музыкі ў развіцці культуры нашага народа. Біскуп Казімір у сваю чаргу пажадаў вернікам, каб з дапамогай аргана яны яшчэ больш рупліва маліліся ў лагішынскай святыні і трымаліся хрысціянскіх прынцыпаў жыцця.

Пасля малітвы асвячэння аргана і святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец, адбыўся першы канцэрт арганнай музыкі. У праграме канцэрта прагучалі перадусім шэдэўры сакральнай музыкі прысвечаныя сусветна вядомымі кампазітарамі Маці Божай, якая асабліва ўшаноўваецца ў гэтым месцы.

Ксёндз Андрэй Шут на завяршэнне мерапрыемства нагадаў сабраным, што наступныя канцэрты арганнай музыкі адбудуцца сёлета ў Лагішыне 16 і 30 жніўня, 13 і 20 верасня. Святар таксама запрасіў усіх вернікаў і гасцей на надыходзячы марыйны фэст Каралевы Палесся, які збярэ пілігрымаў 8-9 жніўня.
Падзеі ў Дыяцэзіі