24 сакавіка біскуп Андрэй Зноска правёў у Гродне дзень засяроджання для манаскай супольнасці Кангрэгацыі сясцёр Святой Сям'і з Назарэта.
Пінскі іерарх з дзяцінства звязаны з сёстрамі назарэтанкамі, з часоў, калі, не маючы сваёй святыні ў Бярозаўцы, сям'я біскупа Зноскі ездзіла ў Навагрудак у Фарны касцёл. Біскуп Андрэй успамінае:
"Калі мы падыходілі да святыні, маляўніча пабудаванай пад Замкавай гарой, трэба было адразу адгаварыць пацеры каля вялікага місійнага крыжа, а потым бацькі вялі нас са старэйшай сястрычкай Аняй да магілы сясцёр мучаніц, якія тады былі пахаваныя каля сцяны касцёла. І там зноў трэба было гаварыць пацеры, бо мама казала, што "тут пахаваныя святыя людзі". Я сведак, што ў мясцовых людзей задоўга да афіцыйнай бэатыфікацыі было моцнае перакананне аб гераічным мучаніцтве сястры Стэлы і дзесяці яе паплечніц, якія загінулі ад рук гітлераўцаў у генацыдзе беларускага народа".
Варта адзначыць, што беларускія назарэтанкі падарылі біскупу Зноску на дзень яго біскупскага пасвячэння аўтэнтычныя рэліквіі ўсіх адзінаццаці благаслаўлёных Мучаніц з Навагрудка. Іерарх з Пінска прамовіў да сясцёр назарэтанак духоўную канферэнцыю і маліўся з імі падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта. Падчас супольнай Эўхарыстыі біскуп Андрэй прасіў Бога аб новых і святых пакліканнях да супольнасці сясцёр назарэтанак. Асабліва радаснай была сустрэча маладога іерарха з сястрой Стэлай, з якой яны ў першыя годы святарства будучага біскупа кожную суботу езділі наведваць хворых ў абласны шпіталь у Гродне.