Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Адзначаючы разам з Паўсюдным Касцёлам Звычайны Юбілей Святога 2025 года, а таксама перажываючы сотую гадавіну з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі, хачу запрасіць усіх вас на радасную ўрачыстасць рэкансэкрацыі касцёла Святога Юзафа ў Ляхавічах, якая адбудзецца 22 сакавіка падчас святой Імшы а 12.00 гадзіне.
Гэтая святыня з’яўляецца жывым сведкам багатай і драматычнай гісторыі Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі. Яна была пабудаваная ў 1907 г. пасля працяглага часу немагчымасці аднавіць раней разбуранага старадаўняга парафіяльнага касцёла. Як толькі царскія ўлады далі дазвол, стараннямі ляхавіцкіх вернікаў на пачатку мінулага стагоддзя была пабудаваная гэтая святыня ў гонар Святога Юзафа – Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Кансэкрацыю касцёла здзейсніў у 1910 г. тагачасны кіруючы біскуп Ян Цепляк. Да паловы ХХ стагоддзя гэтае месца Божага культу было цэнтрам духоўнага жыцця вернікаў у Ляхавічах, а таксама ўсё акругі, для якой гэты храм быў цэнтрам мясцовага дэканата.
У часы пасляваеннага атэізма ў другой палове ХХ стагоддзя касцёл Святога Юзафа ў Ляхавічах, так як многія іншыя святыні ў нашай дыяцэзіі, быў зачынены. Яго пераабсталявалі для патрэбаў раённай бальніцы. На пачатку 1990-х гадоў ляхавіцкія вернікі прадпрымалі старанні, каб вярнуць гістарычную святыню, аднак на той час гэта было немагчыма. Толькі пасля пабудовы новага шпіталя будынак касцёла быў зачынены як аддзяленне бальніцы і праз некаторы час пуставаў. Адначасова з боку Каталіцкага Касцёла аднавіліся намаганні аб вяртанні святыні вернікам. У 2017 г., дзякуючы старанням парафіянаў і зразуменню з боку дзяржаўных уладаў, касцёл святога Юзафа быў перададзены вернікам. Пасля заканчэння рамонтных прац у верасні 2019 г. пасля 70-гадовага перапынку ў храме аднавіліся набажэнствы.
Сярод вернікаў Ляхавічаў засталіся жывыя сведкі перадваеннага духоўнага жыцця, часоў атэістычнага заняпаду і сучаснага адраджэння святыні. Ёсць тыя, хто ў гэтым касцёле у тыя даўнейшыя часы быў ахрышчаны, прымаў першую Святую Камунію, наведваў набажэнствы. Ёсць тыя, хто ў савецкія часы ў гэтым будынку праходзіў медыцынскае лячэнне, наведваў хворых, працаваў. Адзін з сучасных пажылых парафіянаў узгадвае, як у дзяцінстве служыў міністрантам пры алтары ў гэтай святыні ў даваенны час, пазней у часы атэізма працаваў лекарам тут жа ў раённым шпіталі, цяпер зноў кленчыць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у адроджаным родным касцёле.
Тут у часы атэізма пры будынку касцёла - тагачаснай бальніцы - працаваў качагарам пазнейшы ксёндз Рышард Юнік, які праходзіў падрыхтоўку да святарства ў 1970-я гады пад кіраўніцтвам ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага ў суседніх Мядзведзічах. Пасля пасвячэння ў 1978 г. служыў у парафіі ў Новай Мышы, быў шматгадовым пробашчам у Рубяжэвічах.
Сёлета, калі мы адзначаем сотую гадавіну з даты заснавання Пінскай дыяцэзіі, дзякуем Міласэрнаму Богу за тое, што горад Ляхавічы мае новую святыню Найсвяцейшага Сэрца Езуса і адроджаны касцёл Святога Юзафа. Пасля драматычных часоў атэізма, калі на ляхавіцкай зямлі заставаўся толькі адзін святар – ксёндз Вацлаў Пянткоўскі ў Мядзведзічах, цяпер рупліва служаць Богу і людзям тры святары ў горадзе Ляхавічы.
Дзякуем Пану Богу за дар адраджэння Касцёла на нашай зямлі. Дзякуем і памятаем у малітве пра ўсіх тых, хто прычыніўся да захавання і аднаўлення парафіяльнай святыні святога Юзафа.
Запрашаю вас, дарагія святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і ўсе людзі добрай волі на радасную ўрачыстасць рэкансэкрацыі касцёла Святога Юзафа ў Ляхавічах. Няхай супольная малітва 22 сакавіка паслужыць нашаму духоўнаму ўзбагачэнню і стане знакам салідарнай духоўнай падтрымкі для адроджанай гістарычнай парафіі ў г. Ляхавічы, разам з якою хочам раздзяліць радасць памятнага акту паўторнага аддання касцёла святога Юзафа ў выключнае служэнне на Божую хвалу і дзеля збаўлення людзей.
З пастырскім благаслаўленнем,
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 25 лютага 2025 г.