26 сакавіка ў Пінскай дыяцэзіі памоляцца аб беатыфікацыі Біскупа Зыгмунта Лазінскага
26 сакавіка вернікі Пінскай дыяцэзіі асаблівым чынам узгадваюць у малітве свайго першага Біскупа Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага. Менавіта ў гэты дзень у 1932 г. руплівы пастыр Міншчыны і Піншчыны адышоў у вечнасць. У дзень яго пахавання ў падземнай крыпце старадаўняй Пінскай катэдральнай базылікі ніхто не меў сумненняў, што зямную вандроўку завяршыў не проста самаадданы пастыр, біскуп, але асоба годная ўзнясення да хвалы алтара.
Неўзабаве пасля смерці Біскупа Зыгмунта Лазінскага распачаўся афіцыйны кананічны працэс падрыхтоўкі шляху да беатыфікацыі. У 1962 г., пасля паспяховага завяршэння працэсу на дыяцэзіяльным узроўні, дакументы аб гераічнасці цнотаў гэтага вялікага пастыра Касцёла былі перададзеныя з Пінскай дыяцэзіі ў Апостальскую Сталіцу. Ватыканская Кангрэгацыя па кананізацыйных справах, пасля адпаведнай працы тэалагічных экспертных камісій, паседжання спецыяльнай сесіі біскупаў і кардыналаў, у 1993 г. паспяхова завяршыла чарговы этап працэсу, які быў зацверджаны Папам Янам Паўлам ІІ. Адгэтуль Біскуп Зыгмунт Лазінскі афіцыйна ўшаноўваецца Касцёлам як Слуга Божы.
У 1997 г. Апостальская Сталіца афіцыйна зафіксавала першы цуд, які адбыўся праз заступніцтва Зыгмунта Лазінскага. Працэс беатыфікацыі працягваецца. Вернікі з розных куточкаў Беларусі прыбываюць да Пінскай катэдральнай базылікі, каб памаліцца каля грабніцы Слугі Божага Зыгмунта. Святары, якія служаць у Пінскай катэдры, дакументуюць сведчанні тых, хто атрымаў ад Бога ласкі, благаслаўленні і нават цудоўныя аздараўленні праз нябеснае заступніцтва Біскупа Лазінскага.
У сувязі з тым, што Біскуп Зыгмунт адышоў у вечнасць 26 сакавіка, у парафіях Пінскай дыяцэзіі 26-ты дзень кожнага месяца традыцыйна адзначаецца як асаблівы дзень малітваў аб хутчэйшай беатыфікацыі гэтага Слугі Божага, а таксама ўзносяцца да Бога маленні аб ласках праз яго заступніцтва і апеку.