Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі

Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі –

першы біскуп Пінскай дыяцэзіі


Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 г. у маёнтку Барацін каля Навагрудка ў сям’і Уладзіслава Альберта і Людвікі Марыі з дому Чачот. Вучыўся ў класічнай гімназіі ў Варшаве. Першую Святую Камунію ён прыняў 11 чэрвеня 1883 г. у касцёле айцоў кармелітаў у Варшаве. Ад свайго дзядзькі ксяндза Вітальда Чачота, духоўнага айца Пецярбургскай духоўнай семінарыі, атрымаў тады абразок з надпісам: “Зыгмусь, верна захоўвай тое, што абяцаў Пану Езусу ў дзень Першай Святой Камуніі”. У тым жа годзе атрымаў у Варшаўскай катэдры сакрамэнт бежмавання. У 1887 г. Зыгмунт паехаў працягваць вучобу ў Пецярбург, дзе жыў у будынку семінарыі пад апекай дзядзькі. Тады ж ён адчуў пакліканне да святарства. Вучыўся два гады ў семінарыі, а потым у Духоўнай акадэміі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 23 чэрвеня 1895 г.

Ад моманту пасвячэння ў святары З. Лазінскі актыўна займаўся душпастырствам, навуковай працай і выкладаннем у семінарыі. Выконваў абавязкі вікарыя ў Смаленску, Туле і Рызе, быў пробашчам у Волчкавічах, Анопалі і Мінскай катэдры. Зыгмунта Лазінскага характарызавала непахіснасць у справе абароны каталіцкай веры.

2 лістапада 1917 г. Папа Бэнэдыкт XV менаваў З. Лазінскага біскупам адноўленай Мінскай дыяцэзіі. Кансэкрацыя адбылася 28 ліпеня 1918 г. у Варшаве. Але новы біскуп знаходзіўся ў Мінску толькі да 1921 г. За гэты кароткі час ён двойчы перажыў арышты тагачаснай атэістычнай уладай. Выехаць у Польшчу ўдалося толькі праз тры месяцы пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы (1921 г.).


У 1925 г. Папа Пій ХІ даручыў біскупу З. Лазінскаму новаўтвораную Пінскую дыяцэзію. Іерарх цалкам аддаваўся служэнню, на якое яго натхняла любоў да Бога і бліжняга. Ён меў яснае ўсведамленне велічы ўдзелу ў Хрыстовым Святарстве, але разам з тым адчуваў уласную слабасць і недасканаласць. Ён умеў бясконца давяраць Божаму Провіду і адначасова рэалістычна глядзець на розныя матэрыяльныя справы. Адзначала біскупа Зыгмунта Лазінскага глыбокая пашана і набажэнства да Маці Божай, наследванне Яе цнотаў, а таксама культ Эўхарыстычнага Хрыста. Да канца жыцця пастыр святкаваў кожную гадавіну сваёй Першай Святой Камуніі, часта праводзіў ночы, лежачы крыжам перад табернакулюмам. Найважнейшымі цнотамі, якімі павінен валодаць святар, Зыгмунт Лазінскі лічыў любоў да бліжніх, жывую веру, любоў да Бога і Касцёла, паслухмянасць біскупу, разважлівасць і апостальскую адвагу. У яго асабістым жыцці яны не аднойчы адкрыта праяўляліся. Узгадваюць, што пэўнага разу біскуп аддаў бедным усе свае грошы да апошняга злотага, а калі грошы скончыліся, то гатовы быў зняць з сябе футра, каб аддаць яго ўбогім. Падчас паездак на цягніках пастыр карыстаўся выключна вагонамі трэцяга класа.

Біскупа З. Лазінскага характарызавала вялікая хрысціянская любоў і павага да людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, ён быў праціўнікам усялякага шавінізму і нецярпімасці. Зыгмунт Лазінскі марыў і аб адзінстве ўсіх хрысціян. З гэтай мэтай ён арганізоўваў канферэнцыі прысвечаныя яднанню паміж канфесіямі, клапаціўся, каб семінарысты ведалі таксама ўсходнюю літургію, прыгажосць якой сам вельмі цаніў.

Праблемы з фізічным здароўем і пакуты апошніх дзён свайго зямнога жыцця ён прымаў з радасцю і прасіў будзіць яго, калі надыдзе апошняя хвіліна, бо, як сам казаў: “Не хацеў бы праспаць прыгожую хвіліну, якою з’яўляецца смерць у жыцці чалавека”.

Зыгмунт Лазінскі адышоў у вечнасць да Бога як верны Яго слуга ў Вялікую Суботу, 26 сакавіка 1932 г. ў Пінску. Яго цела спачывае ў падземнай крыпце Пінскага катэдральнага касцёла.

У 1957 г. па ініцыятыве Пінскай дыяцэзіі распачаўся інфармацыйны працэс на шляху падрыхтоўкі да беатыфікацыі Зыгмунта Лазінскага. У 1993 г. Апостальская Сталіца прызнала гераічнасць цнотаў біскупа, адгэтуль яму прыналежыць тытул Слугі Божага.

Ва ўсіх касцёлах Пінскай дыяцэзіі днём асаблівай малітвы да Бога праз заступніцтва Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, а таксама малення аб яго беатыфікацыі з’яўляецца 26-ае чысло кожнага месяца (дзень яго адыходу ў вечнасць). У Пінскай катэдральнай базыліцы пастаянна трываюць малітвы пры грабніцы біскупа Зыгмунта, якая знаходзіцца ў крыпце каля бакавога алтара Маці Божай Вастарбрамскай.