Кардынал Казімір Свёнтэк

Кардынал Казімір Свёнтэк


Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір. Праз некалькі гадоў сям’я вярнулася на Радзіму і пасялілася ў Баранавічах, дзе прайшло дзяцінства і школьныя гады будучага кардынала. Пасля заканчэння школы Казімір Свёнтэк паступіў на навучанне ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. Пасля паспяховага заканчэння вучобы, 8 красавіка 1939 г. у Пінскай катэдры прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Букрабы і распачаў служэнне ў парафіі ў Пружанах.
Пасля распачацця Другой сусветнай вайны і пераследу Касцёла, двойчы быў арыштаваны і цудам пазбег выкання смяротнага прысуду.
Пасля заканчэння вайны ў 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.

Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён апынуўся ў Пінску. Тут нёс пастырскае служэнне спачатку як пробашч катэдральнай парафіі (да 1991 г.), пазней як арцыбіскуп і кардынал быў адміністратарам Пінскай дыяцэзіі да канца свайго зямнога жыцця (2011 г.).

Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Свёнтка была адноўленая пінская катэдра — напэўна, гэта была адна з першых адбудаваных святыняў на Беларусі.

Пастырская ахвярная праца ксяндза прэлата Казіміра Свёнтка, яго адданасць справе Касцёла, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт і пашана сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 1991 г. прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Ва ўзросце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне. Ён візітаваў парафіі, устанаўліваў дэканаты, ствараў патрэбныя для Касцёла структуры, бараніў правы вернікаў, актыўна ўдзельнічаў у Сінодах Біскупаў, у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых касцёльных арганізацыях, у міжнародных форумах, канферэнцыях і г. д. Ён быў сведкам пераследвання каталіцкай веры і яе адраджэння на Беларусі.

У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ надаў яму тытул кардынала — найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле. Гэта прызнанне заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры. Гэта таксама прызнанне пазіцыі Касцёла на Беларусі і ягонай ролі ў Паўсюдным Касцёле.

Кардынал Свёнтэк яшчэ з вялікай энергіяй і адвагай падрыхтаваў Каталіцкі Касцёл у Беларусі да Вялікага Юбілею 2000 года. У гэтай праграме асаблівае месца было прысвечана розным пастырскім праграмам, адбудове святыняў і найперш мінскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, які кардынал распачаў у 1996 г. Знамянальны дэвіз Сіноду: «Усё аднавіць у Хрысце».

11 лютага 1999 г. кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — гэта падкрэслівае яго вядучую ролю ў Касцёле і ў краіне.

27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардынару Казіміру Свёнтэку, Арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную касцёльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.

14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў яго прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Да канца сваіх дзён ён выконваў абавязкі Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі.

Кардынал Свёнтэк адышоў у вечнасць 21 ліпеня 2011 года. Пахваны ў крыпце пад алтаром Пінскай катэдральнай базылікі.
Маці Міласэрная
Фільм Юрыя Гарулёва пра кардынала Казімира Свёнтка (1997 г.). Аўтар сцэнарыя Аркадзь Шпунт, рэжысёр-аператар Юры Гарулёў, навуковы кансультант Святлана Адамовіч. Фільм атрымаў Першы прыз і Спецыяльны прыз на XІІ Міжнародным фестывалі фільмаў «Niepokalanów» у 1997 г.